Паводле статыстыкі, 62% беларусаў перыядычна слухаюць радыё, а кожны чацвёрты робіць гэта штодня як мінімум на працягу гадзіны.

Аднак пры гэтым беларускі рынак радыё застаецца ў сонным стане. Станцыі вяшчаюць бясплатна, зарабляючы толькі на рэкламе і дадатковых паслугах, накшталт віншаванняў і замоўленых песень. Сукупны рэкламны рынак радыёстанцый пры гэтым не перавышае $5 мільёнаў.

Асноўны гулец на радыёрынку— дзяржава і падкантрольныя ёй структуры, накшталт прафсаюзаў і БРСМ.

Беларускія бізнэсоўцы не ўспрымаюць радыё як выгадную інвестыцыю. Частоты ў Мінску занятыя, увайсці новым гульцам на рынак надзвычай складана.

Ад часу закрыцця «Беларускай маладзёжнай» інфармацыйных радыёстанцый у ФМ-дыяпазоне няма. Усе яны забаўляльныя. Да таго ж правіла «75% беларускай музыкі» дагэтуль фармальна ніхто не адмяняў, таму плэй-лісты падобныя адзін да аднаго.

Наперадзе «Русское радіо» і «Юністар»

Якія радыёстанцыі карыстаюцца найбольшай папулярнасцю ў сталіцы? Месяц таму прыватная кампанія Nielsen Admosphere правяла сваё даследаванне. Метадалогія падлікаў не паведамляецца, але, найхутчэй, апытанне праводзілася ў Мінску, бо перамаглі сталічныя радыёстанцыі.

Па выніках гэтага даследавання самым папулярным аказалася «Русское радіо», адметнасць якога — трансляцыя толькі рускамоўнай музыкі. «Русское радіо» (17% рынку) працуе ў Мінску і Магілёве, але фармальна гэта розныя структуры. Яны часткова рэтранслююць эфір аднайменнай расійскайрадыёстанцыі, дадаючы некалькі сваіх праграм.

Арыгінальнае «Русское радіо» належыць «Расійскай медыягрупе» мільянераў Вагіта Алекперава і Леаніда Федуна. Зрэшты, апошнім часам вакол радыё разгарэўся скандал, іх бізнэс спрабуюць перадаць у кіраванне расійскаму «Дзяржканцэрту».

Адсутнасць беларускамоўных песень — прыкмета і другога па папулярнасці радыё. Сярод заснавальнікаў «Юністара» (15%) указаныя Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і нямецкая кампанія MediaInvest Gmbh. «Юністар» можна злавіць вакол Мінска і Брэста.

Дзяржаўная радыёімперыя

У тройку найлепшых патрапіла яшчэ і «Новае радыё» (13%)— гэта адна з медыяструктур Федэрацыі прафсаюзаў. Таму ж гаспадару належыць і «Народнае радыё» (1%).

Дзве частаты мае і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Іх станцыі — «Пілот ФМ» (4%) і «Душэўнае радыё» (1%).

Найбольшую колькасць радыёстанцый мае Белтэлерадыёкампанія. У яе структуру ўваходзяць «Радыус ФМ» (5%), «Першы нацыянальны канал» (3%), «Сталіца» (1%), «Культура» (1%) і міжнароднае радыё «Беларусь».

«Сталіца» некалькі гадоў таму атрымала частату, якая вызвалілася пасля закрыцця «Аўтарадыё». Перад выбарамі 2010 года прыватная станцыятранслявала рэкламны ролік Андрэя Саннікава і Уладзіміра Някляева, і чыноўнікі не даравалі гэтага.

Радыёстанцыі ёсць і ў іншых тэлеканалаў. Гэта радыё «Мір» ад Садружнасці незалежных дзяржаў і радыё «АНТ». Свае частоты выдзеленыя абласным радыёстанцыям. Радыё Мінскай вобласці называецца «Мінская хваля», а сталічная станцыя — радыё «Мінск». Іх доля не перавышае 1%.

А вось анансаванае банкруцтва ЗАТ «Альфа-радыё» аказалася пшыкам. Як выявілася, на дзейнасць аднайменнай радыёстанцыі, якую цяпер кантралюе «Савецкая Беларусія», гэта ніяк не паўплывае.

Адзінкавыя прыватнікі

Імаверная навіна радыёрынку — вяртанне расійскай ліцэнзіі «Еўропы плюс». Станцыя мае з’явіцца на частотах цяперашняга «Хіт-Радыё» (1%), якой валодае кампанія Алы Касцялей.

Гэта адзін з нямногіх прыватных гульцоў на рынку. Апроч яе, справы вядзе Яўген Шарашэўскі, якому належаць радыё «Бі-Эй» (1%) і «Мелодіі века» (4%). Выкарыстанне расійскіх ліцэнзій — адзін са шляхоў атрымаць аўдыторыю. Напрыклад, адкрыты летась забаўляльны «Юмор ФМ» (гаспадар — «Газпром Медыя») даволі хутка забраў сабе 5%. Сама станцыя пераважна рускамоўная, але навіны і прагноз надвор’я зачытваюцца па-беларуску.

Яшчэ адно недзяржаўнае радыё — «Рокс», якое цяпер спецыялізуецца на шансоне. Гаспадар той самы, што і ў беларускага аддзялення «Русского радіо». Станцыі маюць аднолькавы адрас, не адрозніваюцца і выпускі навінаў.

Доля радыёстанцый на рынку Мінска

1. «Русское Радио» — 17%
2. Юністар — 15%
3. «Новае радыё» — 13%
4. «Радыё Рокс» — 10%
5. «Радыус ФМ» — 5%
6. «Юмор ФМ» — 5%
7. «Мелодии века» — 4%
8. «Пілот ФМ» — 4%
9. «Першы канал» — 3%
Іншыя — 24%

***

Год таму вынікі свайго даследавання папулярнасці радыёстанцый апублікаваў Інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі прэзідэнта. Паводле падлікаў чыноўнікаў, наперадзе рэйтынгу аказаліся дзяржаўныя «Радыус ФМ» і «Першы нацыянальны канал», якія маюць максімальны ахоп тэрыторыі вяшчання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?