«Цяперашні выбарчы кодэкс, натуральна, далёкі ад дасканаласьці, але дамагацца ягонай поўнай зьмены малапэрспэктыўна. Таму мы вырашылі змагацца за выкананьне таго, што ёсьць цяпер. Фактычна наша прапанова зводзіцца да трох пунктаў: 1. Удзел сяброў палітычных партый у выбарчых камісіях; 2. Артыкулы выбарчага заканадаўства не павінны заставацца дэклярацыяй, а павінны рэальна выконвацца; 3. Партыі павінны мець магчымасьць праводзіць рэальныя палітычныя кампаніі. Апроч ЦВК, мы перададзім гэтыя паперы ў пасольствы краінаў Эўрасаюзу і ЗША», — кажа В.Карняенка.
Старшыня АГП Анатоль Лябедзька кажа, што ў выпадку невыкананьня гэтых патрабаваньняў, апазыцыя за некалькі дзён да парлямэнцкіх выбараў можа зьняць сваіх кандыдатаў. Са словаў Лябедзькі, такая пазыцыя была ўзгодненая з усімі сябрамі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў.
Сакратар ЦК ПКБ Алена Скрыган кажа, што высунутыя патрабаваньні ёсьць мінімальнымі. На яе думку, ад ЦВК шмат у чым залежыць праца на рэгіянальных выбарчых участках.
Выконваючы абавязкі старшыні БСДП Анатоль Ляўковіч гаворыць, што апазыцыя не будуе ілюзій, што ўлада можа зьмяніць правілы гульні. «Але такія крокі рабіць неабходна», — перакананы А.Ляўковіч.
Намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка ўзгадаў беларускую прыказку: «На вайну зьбірайся, а жыта сей». На думку Вячоркі, гэта тэст для беларускіх уладаў.
Мілінкевіч таксама ня мае ілюзій, што ўлада можа пагадзіцца на такія правілы. Разам з тым, ён лічыць, што нават адмову можна выкарыстаць у сваіх мэтах.
«Мы пойдзем да людзей, будзем паказваць нашы прапановы. Людзі павінны бачыць, што такіх паважаных людзей, як Мечыслаў Грыб, Станіслаў Шушкевіч ці Міхаіл Пастухоў, не пускаюць у выбарчыя камісіі. Мы павінны паказваць нелегітымныя дзеяньні нашых уладаў. Гэта будзе карысна для мысьленьня нашых людзей», — кажа А.Мілінкевіч.