Разгон Дня Волі і ператрусы БелСатаўцаў выліліся ў PR‑катастрофу для ўлады.

Бадай, першым урокам, які ангельскі піяршчык лорд Бэл мусіць даць свайму новаму беларускаму кліенту, будзе такі: «Чапаць журналістаў — сабе даражэй». Выдатны доказ гэтай тэзы — той вал нэгатыўнай інфармацыі, які пракаціўся па замежных мэдыях пасьля разгону мітынгу на Дзень Волі. Для сьвету сымбалем сёлетняй менскай вясны зрабіўся скрываўлены твар Андрэя Лянкевіча.

У першыя дні пасьля Дня Волі пошук навінаў у інтэрнэце выдаваў сотні вынікаў на запыт «Belarus». Натуральна, інфармацыйныя агенцтвы «Аssociated Press« і «Reuters« падрабязна паведамлялі пра падзеі ў Беларусі пад час акцыі і пасьля яе. Гарачую навіну адразу падхопліваюць буйныя заходнія выданьні.

Брытанская «International Herald Tribune« піша пра сутычкі паміж тысячамі пратэстуючых і «беларускай паліцыяй».

Амэрыканская «The New York Times» паведамляе пра разгоны маніфэстантаў, а таксама зьмяшчае матэрыял «Беларусь: ператрусы ў кватэрах журналістаў».

Падрабязна Дзень Волі асьвятляла аўстрыйская прэса. «Der Standard» друкуе падборку матэрыялаў пад шапкай «Славаччына, Сэрбія, Беларусь — свабода прэсы ў небясьпецы на Ўсходзе і Поўдні». Славацкія газэты выходзяць зь белымі палосамі на знак пратэсту супраць новага закону аб мэдыях, у Сэрбіі ультранацыяналісты шлюць лісты з пагрозамі журналістам лібэральных і праэўрапейскіх выданьняў, а ў Беларусі — жорсткі разгон Дня Волі.

«Улады разагналі дэманстрацыю ў гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці краіны ў 1918 г. і затрымалі 88 асобаў. Пры гэтым міжнародна прызнаны прэсавы фатограф Андрэй Лянкевіч быў да крыві зьбіты паліцыянтамі», — піша газэта.

Побач — фота Андрэя з разьбітым тварам. «Сярод тых, каго прысудзілі да 15 дзён турмы — рэпарцёр газэты «Наша Ніва», паведамляе «Der Standard». Акрамя гэтага, газэта апісвае хвалю ператрусаў ды арыштаў незалежных журналістаў, якая пракацілася па краіне пасьля Дня Волі.

Іншае аўстрыйскае выданьне «Die Presse» зьмяшчае артыкул «Выкарыстаньне грубай сілы супраць дэманстрантаў зноўку азмрочвае адносіны з Захадам». Аўтар матэрыялу Эдуард Штайнэр піша:

«Кожны раз здаецца, што сусьветнае зацікаўленьне Беларусьсю неўзабаве напаткае поўны паралюш. І кожны раз менскі рэжым не дае гэтаму адбыцца, гучна нагадаўшы пра сваё існаваньне».

Газэта досыць маляўніча распавядае пра падзеі ў Менску, тлумачыць асаблівасьці адносінаў Лукашэнкі з Пуцінам ды з Захадам, ды дае гістарычную даведку пра тое, чым была БНР.

Не абмінулі ўвагай беларускія падзеі і нямецкія мэдыі. «З дручкамі супраць дэманстрантаў» — такую назву мае матэрыял, зьмешчаны ў «Süddeutshe Zeitung», адной з найбуйнейшых штодённых газэтаў Нямеччыны. Вось як яна апісвае падзеі: «Дзеяньні ўладаў былі брутальнымі… Жанчыну сярэдняга ўзросту спэцназаўцы павалілі на зямлю і пацягнулі за валасы да паліцэйскага аўтобуса… Паліцыянты таксама зьбілі беларускага фатографа».

У часопісе «Der Spiegel» надрукаваны артыкул «Хваляваньні ў краіне апошняй дыктатуры Эўропы: дэманстрацыя ў Беларусі перарастае ў вулічную бойку».

Рэспэктабэльны штотыднёвік «Die Zeit« піша пра тое, што «прэзыдэнт Лукашэнка жорстка абыходзіцца з мэдыямі», распавядаючы, як спэцслужбы абшукваюць рэдакцыі і арыштоўваюць журналістаў.

Вядучая інтэрнэт‑выданьне Нямеччыны «Netzeitung« паведамляе пра тое, што беларускія журналісты закідаюць спэцслужбам грубае і неправамернае абыходжаньне зь іх калегамі: «Некалькі рэпарцёраў былі затрыманыя, у тым ліку фатограф». Газэта таксама падае даходлівую гістарычную даведку: «Афіцыйна дэманстрацыя была прымеркаваная да 90‑й гадавіны заснаваньня беларускай дзяржаўнасьці 25 сакавіка 1918 г. Пазьней краіна была ўлучаная ў склад Савецкага Саюзу. Лукашэнка, прыхільнік савецкай сыстэмы, зьяўляецца прынцыповым праціўнікам такіх дэманстрацыяў».

Швайцарская «Neue Zürcher Zeitung« піша пра дзясяткі арыштаваных: «Спэцназ затымліваў, у асноўным, маладых людзей і, выкарыстоўваючы жорсткую сілу, закідваў іх у аўтобусы».

Расейская «Газета.ru» зьмяшчае матэрыял з кідкім загалоўкам «Дзень няволі»:

«За апошнія гады беларуская ўлада адпрацавала да бляску мэтады здушэньня вулічных акцыяў апазіцыі. Дзейнічала яна па звыклай схеме і ўчора, 25 сакавіка, у дзень сьвяткаваньня 90‑годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі».

Падзеі ў Беларусі былі і на першых палосах польскіх мэдыяў. Газэтныя старонкі поўніліся здымкамі зь Менску, найчасьцей можна было пабачыць разьбіты ў кроў твар Андрэя Лянкевіча.

Карэспандэнт «Gazeta Wyborcza» Анджэй Пачобут піша пра «паляваньне на людзей», якое разгарнулася ў Менску на Дзень Волі: «Людзей білі дручкамі, нагамі і кулакамі. На сьнезе былі сьляды крыві». У іншым артыкуле падрабязна распавядаецца пра жорсткія прысуды, у тым ліку Сямёну Печанку.

«Rzeczpospolita» распавядае пра сусьветную рэакцыю на падзеі. Фота з падзеяў 25 Сакавіка трапіла нават на першую паласу самай масавай бясплатнай газэты «Metro». Падзеі ў Менску прыцягнулі вялізную ўвагу да канцэрту салідарнасьці зь Беларусьсю, што адбыўся ў Варшаве на Замкавай плошчы 30 сакавіка. Канцэрт‑марафон наведалі дзясяткі тысяч жыхароў Варшавы, у часе яго сабрана салідная сума ахвяраваньняў на дзейнасьць беларускай апазыцыі.

Украінскія мэдыі таксама асьвятлялі мітынг у Беларусі. Гэтак, «5‑ы канал» паказаў рэпартаж зь Менску, а папулярная інтэрнэт‑газэта «Украінская праўда» зьмясьціла артыкул пра разгон мітынгу, асобна адзначыўшы, што «сярод пацярпелых апынуўся журналіст, фатограф газэты «Наша Ніва» Андрэй Лянкевіч, якому разьбілі твар». Як і большасьць сусьветных мэдыяў, «Украінская праўда» коратка пазнаёміла чытачоў з агульнымі зьвесткамі пра БНР.

Аналізуючы розгалас беларускіх падзеяў, нельга не прыйсьці да пэўных высноваў. Рэжым спадзяецца, што здольны кіраваць краінай шляхам запалохваньняў, але эфэкт атрымліваецца адваротны: апазыцыя яшчэ раз пераконваецца, колькі мае сяброў і падтрымкі. Фотакарэспандэнт Андрэй Лянкевіч заўжды быў за кадрам — цяпер ягоны твар зрабіўся вядомы ўсяму сьвету (як, дарэчы, і аблічча амапаўца, які яго затрымліваў). Кінуўшы за краты Сямёна Печанка, улада толькі ператварыла «Нашу Ніву» ў найбольш згадваную беларускую газэту ў сусьветных мэдыях.

Ператрусы 27 сакавіка таксама лішні раз нагадалі грамадзтву пра існаваньне незалежных радыёстанцыяў ды БелСату.

Штосьці падобнае адбылося ў сакавіку 2006 г., калі «Турэмны дзёньнік» Андрэя Дынька перадрукавалі вядучыя эўрапейскія выданьні.

У параўнаньні з сусьветным рэхам падзеяў, шакуе поўнае ігнараваньне дзяржаўнымі мэдыямі зьбіцьця і арыштаў сваіх калегаў зь незалежнай прэсы. Гэта яшчэ раз прымушае задумацца, хто журналіст, а хто не. Дарэчы, Сямён Печанко быў ня проста затрыманы пры выкананьні журналісцкіх абавязкаў — ён працягваў выконваць іх нават пасьля (!) затрыманьня, дасылаючы ў рэдакцыю рэпартажныя смс‑паведамленьні.

Новая тэндэнцыя: большасьць сусьветных выданьняў, якія асьвятлялі падзеі ў Менску, дапаўнялі свае артыкулы невялічкімі гістарычнымі даведкамі пра Беларускую Народную Рэспубліку, тлумачылі, чаму Лукашэнка так нэгатыўна да яе ставіцца. Калі раней набор стэрэатыпных ведаў пра Беларусь на Захадзе абмяжоўваўся словамі «Лукашэнка» ды «дыктатура», дык цяпер у ім пачынае замацоўвацца ўяўленьне пра БНР як пачатак беларускай дзяржаўнасьці. Лепшай прамоцыі дзяржаватворчых ідэяў цяжка сабе ўявіць. Як цяжка ўявіць сабе і больш правальнай PR‑акцыі з пункту гледжаньня арганізатараў разгону дэманстрацыі. Тут ужо ніякі лорд‑піяршчык, бадай, не дапаможа аднавіць імідж у сьвеце. Несумненна, пераможцамі сёлетняга Дня Волі выйшлі журналісты, ды і ўсё незалежнае грамадства, а рэжым толькі згубіў балы.

Алесь Кудрыцкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0