Кампанія ДТЭК (Украіна) і канцэрн «Белэнэрга» вядуць перамовы аб аднаўленні паставак у Беларусь украінскай электраэнергіі, а таксама аб прыцягненні беларускіх энергетыкаў да праграмы па рэканструкцыі і рамонту блокаў ТЭС. 

Як паведаміў прадстаўнік ДТЭК, гэтыя пытанні абмяркоўваліся на сустрэчы ў Кіеве 3 снежня. Чарговы этап перамоў адбудзецца на гэтым тыдні. 

ДТЭК пастаўляла электраэнергію ў Беларусь з 2010 года — тады доля Беларусі ў агульным аб`ёме экспарту электраэнергіі з Украіны дасягала 70%. У 2014 годзе ў сувязі з дэфіцытам магутнасці ў энергасістэме Украіны пастаўкі ў Беларусь скараціліся, а ў 2015 годзе экспарт не ажыццяўляўся зусім. 

Тым часам, паводле слоў дырэктара па камерцыйнай дзейнасці ДТЭК Віталя Бутэнкі, сітуацыя на ўкраінскім энергарынку стабілізавалася. Дзякуючы аднаўленню чыгуначнай інфраструктуры, разбуранай у выніку баявых дзеянняў, быў наладжаны вываз вугалю антрацытавай групы з Данбаса на ТЭС Украіны. На складах усіх украінскіх ТЭС назапашана 2,1 млн. тон вугалю, што на 55% больш за паказчык мінулага года. У лістападзе ў даступным рэзерве знаходзіліся 11 энергаблокаў сумарнай магутнасцю 2,3 тыс. МВт. Акрамя таго, завершаныя работы па мантажы пераходу ВЛ 750 кв Рыўненская АЭС — ПС «Кіеўская», дзякуючы чаму энергасістэма Украіна дадаткова атрымае яшчэ 1 МВт магутнасці. 

Украінскі бок зацікаўлены ў аднаўленні паставак электраэнергіі ў Беларусь, падкрэсліў Бутэнка. 15 снежня ў Кіеве адбыўся аўкцыён па доступе да міждзяржаўных ліній электраперадачы для экспарту ўкраінскай электраэнергіі ў 2016 годзе. Паводле вынікаў таргоў ДТЭК набыла 86% ад выстаўленага сячэння. Кампанія, у прыватнасці, набыла лоты ў напрамку Беларусі магутнасцю да 687 МВт. 

Паводле слоў Бутэнкі, «Беларусь была і застаецца стратэгічным партнёрам Украіны ў энергетычным сектары». «Зараз цяжкая эканамічная сітуацыя ва ўсіх. Трэба працаваць разам і ствараць магчымасці адзін для аднаго ў гэты складаны час, — адзначыў камерцыйны дырэктар кампаніі. — З аднаго боку, імпарт украінскай электраэнергіі дазваляе дыверсіфікаваць рызыкі і забяспечыць надзейнасць працы энергетычных сістэм абедзвюх краін. З іншага боку, мы добра знаёмыя з высокім тэхнічным узроўнем падрыхтоўкі беларускіх энергетыкаў. І гэта дае магчымасці для пашырэння эфектыўнага супрацоўніцтва і прыцягнення беларускіх энергетыкаў да ўдзелу ў тэндарах для правядзення рамонтаў і рэканструкцый на нашых ТЭС і сетках». 

Перамовы аб пастаўках электраэнергіі ва ўкраінскай кампаніі разлічваюць завяршыць да канца снежня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?