Сёння Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб прызначэнні членаў урада. Сярод урадоўцаў змяніўся толькі адзін чалавек. Замест Валянціна Чаканава міністрам гандлю стаў 49-гадовы Уладзімір Калтовіч,

хоць многія чакалі, што ведамства ўзначаліць сённяшняя намесніца Ірына Наркевіч.

Калтовіч працаваў намеснікам міністра у перыяд 2009—2010 гадоў.

За апошні год Міністэрства гандлю стала адным з найбольш пазнавальных у медыя, іх праверак баяцца крамы і кавярні. «НН» прыглядзелася, хто ж узначаліў Мінгандлю.

Працаваў дарадцам-пасланнікам у пасольстве Беларусі ў Расіі

Фота rw.by.

Апошнім месцам працы Уладзіміра Калтовіча было беларускае пасольства ў Маскве. Там чыноўнік адпрацаваў тры гады – ад снежня 2012 года. Курыраваў якраз пытанні гандлю.

«На з'ездзе «Саюзмалако» спадар Анішчанка сказаў, што Мытны саюз — гэта перш за ўсё рынак. Гэта падкрэслівае жаданне Новай Зеландыі ў любым варыянце атрымаць доступ на гэты малочны рынак. У сувязі з гэтым пытанне — «Каму тут прадаваць?» — становіцца найважнейшым». Казаў Калтовіч з ноткай крыўды, што беларускае малако трапляе на расійскі рынак зусім не ў тых аб’ёмах, на якія спадзяваўся Мінск.

Яшчэ Калтовіч адзначаў, што ледзьве не кожны пяты беларускі кантракт заключаецца ў Расіі з махлярамі. І ў 2015 годзе сітуацыя з гэтым заўважна пагоршала.

Родам з Чэрвеня, працаваў ва ўнівермагу «Беларусь»

Уладзімір Калтовіч нарадзіўся 1 кастрычніка 1966 у Чэрвені. Скончыў БДЭУ (1992) і Акадэмію кіравання пры прэзідэнце (2001).

Калтовіч працаваў намеснікам генеральнага дырэктара ў буйных мінскіх крамах: універмагу «Беларусь» і гандлёвым доме «На Нямізе». Быў намеснікам кіраўніка Заводскага раёна Мінска. Узначальваў мінскую гарадскую федэрацыю гандбола.

Адказваў за канфлікт з прадпрымальнікамі Чэрвеньскага рынка

Фота з фэйсбука Уладзіміра Калтовіча.

Найбольш публічнай пасадай у біяграфіі Уладзіміра Калтовіча было намесніцтва старшыні Мінскага гарвыканкама ў часы Мікалая Ладуцькі. Тады сама намеснікам быў Міхаіл Васільеў, якога пасадзілі за хабар.

Уладзімір Калтовіч адказваў за сітуацыю з пераносам Чэрвеньскага рынка. Некаторыя прадпрымальнікі згадвалі яго добрым словам, казалі, каб не Калтовіч, то рынак проста б разагналі, а не перанеслі на іншае месца.

Вуснамі Калтовіча агучвалася рашэнне аб забароне ў Мінску продажу пладова-ягадных напояў, так званага «чарніла». Тады ён сказаў так: «Забарона на рэалізацыю пладова мацаваных вінаў, упэўнены, будзе станоўча ўспрынята мінчукамі, гасцямі сталіцы, і мы, можа быць, паступова адвучым пэўную катэгорыю асоб ад гэтага напою і пяройдзем да лягчэйшых відаў прадукцыі».

Праўда, літаральна праз пару тыдняў Лукашэнка раскрытыкаваў гэтае рашэнне: «Гэтыя забароны нічога талковага не дадуць». І Мінгарвыканкам адкруціў усё назад.

Некалькі разоў за подпісам Калтовіча апазіцыйным актывістам адмаўлялася ў правядзенні вулічных акцый.

Карыстаецца Фэйсбукам і Укантакце

Фота з фэйсбука Уладзіміра Калтовіча.

На Захадзе, ды нават у Расіі ці Украіне, уявіць палітыка ці ўрадоўца без фэйсбука ці твітара сёння фактычна немагчыма. У Беларусі ж чыноўнікі ўсё яшчэ з недаверам ставяцца да сацыяльных сетак. Некаторыя хіба што маюць акаўнт у «Аднакласніках».

Уладзімір Калтовіч у гэтым плане, здаецца, мае іншы падыход. Ён, прынамсі, зарэгістраваны ў фэйсбуку. Адказвае на каментары на сваёй старонцы.

Напрыклад, дырэктар гатэля «Нёман» Міхаіл Малікін, убачыўшы афіцыйны здымак Калтовіча, падтрольвае: маўляў, вадзічку варта было б замяніць на айчынную. Калтовіч адказвае: «Перадам вашу заўвагу масквічам. А можа, адразу дашлі «Нёманскай». Два эшалоны», — знайшоўся што адказаць будучы міністр.

А на іншую заўвагу, калі вяртаецца ў Мінск, 27 лістапада Калтовіч адказаў: «Як Бог дасць».

З фэйсбука можна даведацца, што Калтовіч жанаты ад 17 ліпеня 1992 года. Спіс ягоных сяброў, на жаль, недаступны. А вось фотаздымкі ёсць не толькі афіцыйныя, але і ў нефармальнай абстаноўцы. Падпісаны на суполкі «Мінск турыстычны» і «Гітара.by».

У сацсетцы Укантакце ў Калтовіча толькі адзін сябра, а апошні раз зазіраў туды чыноўнік 10 лістапада. Спадзяемся, што з прызначэннем на адказную пасаду Калтовіч не выдаліцца з сацсетак.

Дзе жыве?

Доўгі час Калтовіч жыў у Чыжоўцы, а з цягам часу займеў трохпакаёўку плошчай 67 м2 на вуліцы Жукоўскага, зусім побач ад праектаванай станцыі метро «Кавальская слабада». У 2000 дом пабудавала долевым спосабам Упраўленне капітальнага будаўніцтва Мінгарвыканкама.

Міністры гандлю за часамі Лукашэнкі:

1. Пятро Казлоў (1995-2001)
2. Аляксандр Кулічкоў (2001-2005)
3. Аляксандр Іванкоў (2005-2009)
4. Валянцін Чаканаў (2009 — 17 снежня 2015)
5. Уладзімір Калтовіч (17 снежня 2015 - да цяперашняга часу)

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру