Еўрапейская камісія пацвердзіла выкананне Украінай патрабаванняў Плана дзеянняў па візавай лібералізацыі і рэкамендавала Радзе ЕС разгледзець увядзенне бязвізавага рэжыму для Украіны ў 2016 годзе.

«Бязвізаваму рэжыму — быць!» — напісаў у твітары прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка.

AFP

AFP

Таксама ЕК пацвердзіла выкананне плана дзеянняў пра візы з Грузіяй і Косава. Радзе ЕС было рэкамендавана разгледзець ўвядзенне бязвізавага рэжыму для гэтых краін таксама ў 2016 годзе.

Дыялог па візавай лібералізацыі з Украінай быў пачаты ў кастрычніку 2008 года. У 2010 годзе Еўракамісія прадставіла уладам Украіны план дзеянняў па візавай лібералізацыі.

«Прымаючы пад увагу агульны ўзровень адносін паміж ЕС і Украінай, Еўракамісія прадставіць у пачатку 2016 прапанову па дапаўненні пастановы Рады ЕС нумар 539/2001», — гаворыцца ў дакладзе Еўракамісіі.

Гэтае палажэнне ўтрымлівае спіс краін, грамадзянам якіх патрэбная віза для кароткатэрміновых паездак у ЕС і дзяржаў, якія вызваленыя ад гэтага. Для ўнясення змяненняў у гэтае палажэнне Рада ЕС павінна адобрыць гэтае рашэнне кансэнсусам усіх 28 краін ЕС, затым яго павінен зацвердзіць Еўрапарламент.

Еўрапейская камісія сёння канчаткова прыняла шостую справаздачу па выкананні Украінай патрабаванняў плана дзеянняў візавай лібералізацыі.

Кіеў выконвае план па візавай лібералізацыі з ЕС на працягу апошніх пяці гадоў і цяпер падышоў да апошняй фазы.

У шостай справаздачы ацэньвалася, наколькі ўкраінскія ўлады дзейнічалі эфектыўна пры дасягненні мэтаў другой фазы плана. Гэтая справаздача не тычыцца тых паказчыкаў, якія былі прызнаныя здавальняючымі па выніках пятага дакладу.

У ліку паказчыкаў другой фазы лібералізацыі: упраўленне межамі, упраўленне міграцыяй, барацьба з карупцыяй і адмываннем грошай, абарона нацыянальных і іншых меншасцяў.

У лістападзе пасля многіх няўдалых спробаў Вярхоўная Рада прыняла папраўку, якая забараняе дыскрымінацыю ў сферы працы па прыкметах сэксуальнай арыентацыі і гендэрнай ідэнтычнасці. Гэта было адным з ключавых патрабаванняў ЕС, паколькі ў выніку выключаецца магчымасць звароту за палітычным прытулкам у ЕС з-за дыскрымінацыі пры найме на працу або прасоўванні па службе на Украіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?