Палітыка прызначанага прэзідэнтам урада новай не будзе, заявіў журналістам 18 снежня ў Палаце прадстаўнікоў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў пасля зацвярджэння яго на пасадзе дэпутатамі.

government.by

government.by

«Напэўна, я нічога новага не скажу, таму што палітыка — яна новай не будзе. Яна будзе працягам таго, што мы рабілі ўжо ў 2015 годзе», — сказаў прэм'ер-міністр. 

«Пакуль, на жаль, наша цяперашняя сітуацыя, у нашых асноўных гандлёвых партнёраў, не паляпшаецца. Таму гаварыць аб тым, што ў нас могуць быць фундаментальныя змены ў эканамічнай палітыцы, пакуль не даводзіцца», — канстатаваў Кабякоў. 

Паводле яго слоў, галоўны прынцып працы эканомікі сёння: «мы павінны жыць па сродках». Пры гэтым прэзідэнт патрабуе ад Саўміна аднаўлення эканамічнага росту. «Але гэта не павінна быць нейкае дзеянне па нарошчванні вытворчасці і адначасовым нарошчванні складоў. Гаворка ідзе аб тым, што мы павінны больш актыўна займацца пошукам новых рынкаў збыту, не забываючы пра традыцыйныя. Мы павінны не рытуальна, дзеля справаздачы, а рэальна займацца зніжэннем затрат пры вытворчасці прадукцыі», — сказаў Кабякоў. 

Ён упэўнены, што перапрызначэнне пераважнай большасці членаў урада сведчыць аб тым, што Аляксандра Лукашэнку галоўным чынам задавальняе іх праца. «Хоць я не хачу сказаць, што тут абсалютна ідэальная сітуацыя, што ў нас не адбыліся гутаркі з пэўнымі міністрамі. Выказваліся пэўныя прэтэнзіі, але галоўным чынам яны (міністры) спраўляюцца», — адзначыў Кабякоў. 

Ён удакладніў, што «па шэрагу міністраў былі асобныя разгляды» і для некаторых членаў урада будзе павышаная планка патрабаванняў. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?