Беларусь і ЗША працягнуць дыялог па правах чалавека, у тым ліку абмеркаванне пытанняў, якія выклікаюць рознагалоссі і тычацца выканання правоў чалавека ў абедзвюх краінах. Такая дамоўленасць дасягнута падчас перамоваў, якія правяла 16 снежня ў Вашынгтоне беларуская дэлегацыя, паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі.

У складзе дэлегацыі быў начальнік упраўлення Амерыкі МЗС Алег Краўчанка, намеснік начальніка ўпраўлення глабальнай палітыкі і гуманітарнага супрацоўніцтва МЗС Ірына Вялічка, часовы павераны ў справах Беларусі ў ЗША Павал Шыдлоўскі, а таксама прадстаўнікі ЦВК, Міністэрства юстыцыі, Генеральнай пракуратуры і Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў.

Тэматыка правоў чалавека абмяркоўвалася ў ходзе сустрэч і перамоваў з намеснікам памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША па еўрапейскіх і еўразійскіх справах Брыджэт Брынк, намеснікам памочніка дзяржсакратара па пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Робертам Бяршчынскім, намеснікам памочніка адміністратара Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці Джонатанам Кацам і іншымі прадстаўнікамі Дзярждэпартамента.

Як паведаміла прэс-служба, «пытанні захавання правоў чалавека ў кантэксце вяршэнства права» былі абмеркаваны беларускай дэлегацыяй у Міністэрстве юстыцыі і Вярхоўным судзе ЗША, офісе па правах чалавека ўрада акругі Калумбія, Амерыканскай асацыяцыі адвакатаў і Міжнародным фондзе выбарчых сістэм. Сустрэчы былі арганізаваны пры садзейнічанні прадстаўніцтва ААН / ПРААН у Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?