Аднаму Сабаку далі Нобелеўскую прэмію. Карэспандэнт «Народнай свінаматкі» паехаў на радзіму лаўрэата, каб пагаварыць з Гражданамі, сярод якіх вырас Сабака.

Былы дырэктар школы: —Ён у мяне вучыўся. Але я не ганаруся гэтым, бо прэмію далі Сабаку, а не мне! Нам не трэба такая прэмія! Ён па замежжах ездзіў, а я тут застаўся. Ён ні разу мне пончыка не купіў! Я супраць такіх лаўрэатаў! Я прэміі атрымоўваць яго не вучыў!

Загадчык клуба: —Сабака некалькі разоў прыходзіў да мяне ў клуб на танцы. Я скажу чэсна, што ён танцаваць не ўмее. За такія танцы трэба па галаве біць, а не прэмію Нобелеўскую даваць! Цяпер я не сплю цэлы месяц. Мне сняцца танцы з Сабакам, а я не хачу такіх сноў! Мне праціўна! Я хачу чыстых танцаў без замежнай палачкі Штрауса! Мы тут Штраўсаў не любім! Няхай едзе туды і галадае там, дзе прэміі яму даюць! Я ўсё сказала!

Галоўны бухгалтар: —Я не буду лічыцца з аскарбленнямі ў адрас з боку нашага зямляка Сабакі. Такіх лаўрэатаў у нас поўная бухгалтарская кніжка. Мы нікому нічога за проста так не даём і мы Сабаку прэмію не далі б. Няхай ён толькі да нас сюды прыедзе, мы яго зловім і адбяром усё, што толькі зможам!

Піянерважатая з саракагадавым стажам: — Да Сабакі ніяк не даходзіла, што такое піянерскі гальштук. Вобраз асобнага героя — гэта ён разумеў. А агульны вобраз не даходзіў да яго. Гэта ж адзін сэнс. Серп і молат. Усе так лічаць. Быў адзін і застаўся адзін. Нельга за гэта даваць Нобелеўскія прэміі! Я буду скардзіцца бацюшку, якога нам прыслалі з райцэнтра!

Звеньявая, кавалерка значкоў з партрэтам Ільіча: — Я здзіўляюся, як Сабака атрымаў Нобелеўскую прэмію за тое, што плявузгаў на ўраджаі кукурузы і цукровых буракоў. Выбіраў найгоршае. Чаму ён харошае не выбіраў? Хай бы ён і тое, і другое апісваў. Навошта самае горшае? У нас жа ўсё цудоўна! У вёсцы засталося сем хат з сарака. Гэта ж цудоўна. Не ўсе ж памёрлі і не адразу! Навошта пісаць пра тое, чаго мы самі не ведаем! Клянуся ўсімі сваімі значкамі на левай грудзі, што Сабаку да сябе на парог без даляраў не пушчу! Няхай сабе на хвасце пра мяне запіша!

Ваенрук: Я супраць прэміі і самога Сабакі! Ён у войску не служыў, а гэта значыць, што пораху не нюхаў. Я ў школе даваў яму панюхаць, а ён не ўзяў! Я тады ўжо западозрыў, што гэта кончыцца нейкай прэміяй! А тут на табе! Нобелеўскую далі! За што? Гэта парушэнне ўсіх вайсковых манёўраў!

Ветэрынар: — Мы зрабілі першы ў свеце музэй Леніна пад адкрытым пытальнікам! У нас быў зроблены нестандартны непрамакаючы шалаш. І Ленін быў зроблены. Сядзеў на пяньку і пісаў. Як вялікі кампазітар грамадзянскай рэвалюцыі. І маўзалей быў зроблены! Праўда, маўзалей мінулым летам згарэў! Сабаку ж прэмію далі не па адрасе. Адрас не дакладны! Трэба было запісваць на дзіктафон. Папера цяпер не трывушчая. Вось і памылачка атрымалася, і Сабаку выпаў у асадак залаты! Я асуджаю ўсіх, а ў першую чаргу Сабаку!

Паштарка: — Сабаку немагчыма чытаць! У яго няма ідэі нейкай. У кожным сказе поўна аднолькавых літар. Нават у словах ёсць аднолькавыя! Хто так піша? Я ж пісьмы ўсе прачытваю! Ніхто так не піша! Я ведаю, як трэба пісаць! Вось сяду сёння ночай і напішу да раніцы кнігу!

Камсамолка-ударніца 10-ай пяцігодкі: —Сабака з Пазняком звязаны праз тэлефонную трубку. Я гэта бачыла ў тэлевізары. Сабака ўсё жыццё не працуе і цяпер не збіраецца! Прэмію ў яго трэба забраць і падзяліць сярод камсамольцаў мінулага стагоддзя, якія захавалі свае ўчотныя картчкі з партрэтамі. Я не магу спакойна глядзець на гэтую Нобелеўскую багему. Пры мне такіх багем не было! Мы працавалі за хлеб з гарэлкай, а часам і за чыстае паветра. А гэта ж бізабраззе нейкае. Такія грошы за кніжкі самніцельнайга подчырка ад ўсяго народа нашым людзям не даюць! Гэта тут вам не Амерыка!

Былы інспектар па рыбнай лоўлі: —Мне мама казала, каб я з Сабакам не сябраваў! Я ні з кім і не сябраваў. Мне асабіста яго кнігі не падабаюцца. Не маё. Не наша! Цяпер Нобэлеўскую прэмію выдаюць Штаты. Сваім сябрам. За што Гарбачову далі? За тое, што Саюз разваліў. За што Абаму далі? За тое і Сабаку далі. Каб брахаў на нас. Як можна не любіць мяне? Ён ганьбіць нас сваёй прэміяй.

Хацеў карэспандэнт «Народнай свінаматкі» узяць інтэрв’ю яшчэ ў некалькіх землякоў Сабакі, як з кустоў каля клуба выбеглі зялёныя чалавечкі з цітушкамі і пачалі дубасіць карэспандэнта, і ўсе стараліся разбіць яму дыктафон. Праз хвілін дзесяць на аціхлай вуліцы ляжаў пабіты карэспандэнт і разбіты дыктафон, а над ім, схіліўшыся, стаяў на каленях трактарыст і шаптаў: «Не ездзіў бы ты, сынок, у нашы вароты! Тут у нас Гражданы ўжо сто гадоў жывуць!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?