Як паведамляе сайт праваабаронцаў spring96.org са спасылкай на цяпер ужо былога гульца каманды Сяргея Кандрацьева, доўг маецца амаль за два гады. За гэты час футбалісты атрымлівалі толькі частку заработнай платы, прадугледжанай умовамі кантракту.

Разлічыцца з гульцамі кіраўніцтва клуба збіралася пасля продажу будынка ў цэнтры горада. Маёмасць ацанілі больш чым у 13 млрд рублёў, аднак двойчы абвешчаны аўкцыён не адбыўся. Цяпер нерухомасць спрабуе прадаць «Белаграпрамбанк», перад якім клуб таксама мае пратэрмінаваную запазычанасць за раней выдадзеныя крэдыты.

У выніку, як паведамляюць праваабаронцы, больш за дзесяць гульцоў брэсцкай каманды, не дачакаўшыся выплаты заробку, дамагліся заўчаснага скасавання кантракта з-за невыканання футбольным клубам сваіх абавязкаў і звярнуліся да юрыстаў, каб з іх дапамогай падлічыць усе сумы запазычанасцяў і скласці пазовы ў суд. Яшчэ некалькі футбалістаў маюць намер таксама дамагацца выплаты грошай у судовым парадку пасля таго, як 31 снежня скончацца працоўныя пагаднення з ФК «Дынама-Брэст».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0