У Швецыі разгараецца скандал праз барацьбу за корпус Гандлёвага прадстаўніцтва РФ у Швецыі.

Расійскія дыпламаты, якія адмаўляюцца высяляцца пасля рашэння суда, пабудавалі «барыкады», у адказ улады горада і новыя ўладальнікі будынка адключылі ім водазабеспячэнне, перадае Радыё Швецыя.

sverigesradio.se

sverigesradio.se

Увайсці ў дом ніхто не мае права, паколькі ён мае статус дыпламатычнай недатыкальнасці.

Паведамляецца, што цяпер пад'езды да дома забарыкадаваныя бетоннымі блокамі і шыльдай, якая абвяшчае, што гэта ўласнасць пасольства Расійскай федэрацыі, а ў будынку няма вады.

Стэфан Хэге, адвакат і адзін з трох новых уладальнікаў будынка, не можа патрапіць у яго ўжо больш за год. У інтэрв'ю газеце Svenska Dagbladet ён заявіў, што, акрамя адключэння вады, плануюцца і іншыя дзеянні.

«Мы яшчэ паглядзім, ці змогуць яны зварыць сваю калядную кашу», — сказаў ён журналістам, маючы на ўвазе расійскіх дыпламатаў, якія жывуць у доме і адмаўляюцца яго пакідаць.

Ён адзначыў, што, як уладальнік, ён не атрымлівае ні арэнднай платы ад жыхароў, якія пражываюць у доме, ні платы за ваду і электрычнасць.

«Рускія думаюць, што яны могуць анексаваць дом», — кажа Стэфан Хэге.

У пасольстве Расіі ў Швецыі інцыдэнт каментаваць адмовіліся.

«Дом на Лідзінгё» — сяміпавярховы шматкватэрны дом, будынак гандлёвага прадстаўніцтва РФ на прэстыжным востраве Лідзінгё, камуне-спадарожніку шведскай сталіцы, быў прададзены з аўкцыёну ў пачатку 2014 года з-за даўгоў Расіі перад бізнэсмэнам Францам Зэдэльмаерам, які патрабаваў ад краіны каля 5 млн еўра кампенсацыі страчаных інвестыцый.

Раней СМІ паведамлялі, што вярхоўны суд Швецыі пастанавіў ў ліпені 2011 года, што дыпламатычная нерухомасць Расіі ў Швецыі можа быць арыштаваная і прададзеная з аўкцыёну.

Агульная сума доўгу складае, па дадзеных Sveriges Radio, 41 млн крон.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0