22 і 23 снежня з нагоды адкрыцця крамы «Беларуская Прастора» кампанія «ПРАСТОРА БАЙ» запрашае на дзве перадкалядныя імпрэзы. Пачатак абедзвюх імпрэзаў – а 19-й.
22 снежня адбудуцца літаратурна-мастацкія і музычныя выступы Яраша Малішэўскага, Аксаны Спрынчан і іх дачушкі Альжбеты, а таксама барда і літаратара Сержа Мінскевіча.
Акрамя гэтага вас чакае прэзентацыя вопраткі Belarusam.by.
23 снежня «Прастора» запрашае на творчую сустрэчу з фіналістамі адбору на конкурс «Еўрабачанне-2016» гуртом NAVI. Для ўсіх прысутных маладыя беларускія выканаўцы праспяваюць найлепшыя песні, а таксама падзеляцца сваім неверагодным пазітывам, які яны папросту выпраменьваюць!
Усіх сакрэтаў арганізатары наперад не раскрываюць – каб было што казаць падчас прэзентацыі;) – але так Беларуская Прастора распачынае акцыю «Мы з вамі NAVI» (хэштэг #мызваміNAVI), каб дапамагчы гэтаму надзвычай таленавітаму творчаму калектыву паехаць ад нашай краіны на Еўрабачанне.
Нагадаем, што на дадзены момант кампазіцыя «Гэта зямля» ад гурту NAVI – адзіная беларускамоўная песня сярод усіх удзельнікаў. І яна мае больш чым рэальныя шанцы на перамогу.
У новай краме «Беларуская Прастора» можна набыць арыгінальныя беларускія сувеніры, кнігі, аўдыёкнігі і фільмы, адзенне, адмысловую гарбату і філігранныя вырабы са шкла. Ёсць магчымасць ўсё пабачыць на свае вочы, памацаць, прымераць і паразмаўляць на роднай мове з ветлівымі супрацоўнікамі.
Крама «Беларуская Прастора» ў гандлёвым цэнтры Маскоўска-Венскі (пр-т Незалежнасці, 58, другі паверх, павільён 205) працуе сем дзён на тыдзень з 11.00 да 20.00. Тут будзе адбывацца і самавываз замоваў, зробленых на сайце Prastora.by.
Таксама за навінамі Беларускай Прасторы можна сачыць у сацыяльных сетках:
Facebook: https://www.facebook.com/prastora.by/
Вконтакте: https://vk.com/prastora_by
Twitter: https://twitter.com/prastora
Instagram: https://www.instagram.com/prastora/
Одноклассники: http://ok.ru/prastoraby






