Распрацавана канцэпцыя радыёстанцыі Беларускай праваслаўнай царквы, паведаміў БелаПАН юрыст Мінскага епархіяльнага ўпраўлення Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы Андрэй Алешка.

Паводле яго слоў, дзейнасць праваслаўнай радыёстанцыі «павінна адлюстроўваць самыя разнастайныя, найбольш хвалюючыя праблемы жыцця людзей і беларускага грамадства ў цэлым».

«Размова ідзе аб пытаннях сям’і і шлюбу, школьнага выхавання, дэмаграфічнай сітуацыі і аховы здароўя. А паколькі новы электронны сродак масавай інфармацыі будзе праваслаўным, то ўсе гэтыя праблемы будуць асвятляцца з хрысціянскіх духоўна‑маральных пазіцый», — зазначыў А.Алешка.

Паводле яго слоў, аб намеры стварыць праваслаўную радыёстанцыю заявіў 24 студзеня 2008 года ў Мінску на пасяджэнні сінода Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, патрыяршы экзарх усяе Беларусі. Як паведаміў юрыст, цяпер вядзецца падрыхтоўка дакументаў для рэгістрацыі радыёстанцыі ў парадку, устаноўленым законам.

Як лічыць А.Алешка, больш падрабязная інфармацыя па гэтым пытанні можа з’явіцца прыкладна ў ліпені гэтага года.

Марат Гаравы, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0