Апошні раз беларуская маладзёжка ў эліце гуляла ў 2007 г.

Хакеісты зборнай Беларусі дабіраліся з Мінска да Фінляндыі, дзе ў суботу стартаваў чэмпіянат свету сярод моладзі, на аўтобусе, паведаміў прэс-аташэ каманды Алег Шыбека.

Пераезд з Мінска ў Фінляндыю заняў у каманды каля 20 гадзін.

«Мы вырашылі пайсці на гэта як з-за эканоміі сродкаў, так і з-за таго, каб ні ад каго не залежаць у плане перамяшчэння. У Фінляндыю мы прыехалі яшчэ 18 снежня, рыхтаваліся да турніру ў Іматра. У Хельсінкі мы пераехалі ў чацвер», — паведаміў Шыбека.

Адзначаецца, што з усіх зборных, якія ўдзельнічаюць у моладзевым чэмпіянаце свету, свае ўласныя аўтобусы будуць толькі ў каманд Беларусі і Расіі, паведамляе Tribuna.com.

Зборная Беларусі бярэ ўдзел у элітным моладзевым дывізіёне пасля доўгачасовага перапынку.

Нашы хакеісты (галоўны трэнер — Аляксандр Бяляўскі) гуляюць у адной групе з Фінляндыяй, Славакіяй, Расіяй, Чэхіяй.

У іншай групе гуляюць каманды Канады, ЗША, Швецыі, Даніі і Швейцарыі.

Беларусы стартуюць сёння матчам супраць Фінляндыі (19.00). Гульню пакажа «Беларусь-5» у жывым эфіры. У нядзелю — матч супраць Славакіі (17.00).

У 1/4 фіналу выходзяць чатыры каманды, а каманда, якая зойме 5-е месца ў групе, згуляе ў серыі да дзвюх перамогаў, каб вызначыць зборную, што пакіне эліту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0