17-гадовая беларуская тэнісістка Арына Сабаленка (460-я пазіцыя ў рэйтынгу WTA) стала пераможніцай у адзіночным разрадзе турніру ў Пуні (Індыя) з прызавым фондам 25 тыс. долараў ЗША. 

У фінальным паядынку Сабаленка сустракалася з расіянкай Вікторыяй Каменскай (361). Адна гадзіна чатыры хвіліны і два сэты (6:3, 6:4) спатрэбіліся беларусцы, каб з другой спробы стаць пераможніцай турніру ў Індыі. На мінулым тыдні яна стала фіналісткай аналагічнага турніру ў Наві Мумбаі. 

У каментарыі прэс-службе беларускай федэрацыі Сабаленка завіла: «Неверагодныя адчуванні! Хочацца яшчэ больш працаваць зараз для дасягнення найбольш высокіх мэтаў! Падзякаваць усім, хто шчыра радаваўся, падтрымліваў мяне, хто быў побач на працягу гэтых двух неверагодна цяжкіх для мяне тыдняў, сваякоў, вядома ж! А зараз у найбліжэйшых планах у мяне перадсезонная падрыхтоўка». 

Гэта трэцяя перамога Сабаленкі ў адзіночным разрадзе на турнірах ITF і першая — з прызавым фондам 25 тыс. долараў ЗША. У канцы верасня — пачатку кастрычніка Сабаленка стала пераможніцай двух турніраў з прызавым фондам 10 тыс. долараў ЗША.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?