Дыпляматычная вайна абвастраецца. Менск прапанаваў Вашынгтону формулу "адзін плюс шэсьць". Гучыць вытанчана, але плюс насамрэч азначае мінус. Гаворка пра тое, каб у абедзьвюх амбасадах, акрамя кіраўніка місіі, засталося па шэсьць дыпляматаў.

Выглядае на тое, што эскаляцыяй дыпляматычнае вайны айчынныя стратэгі разьлічваюць зрабіць уражаньне ня столькі на Амэрыку, колькі на Расею. Бачыце, як сьмела мы торгаем за бараду дзядзьку Сэма? А між тым, глядзеце, Украіна ўжо адной нагой у НАТО! Вокам не міргнеце, як амэрыканскія супрацьракеты дзе-небудзь пад Харкавам апынуцца… А пад Воршай ня хочаце? Дык не эканомце, халера вас бяры, на запалках, ня цісьніце сваёй "эўрапейскай формулай" газавай цаны!

Вось такая тактыка чарговага выцісканьня матэрыяльнай карысьці са статуту адзінага надзейнага хаўрусьніка. Ва ўсякім разе, амбасадар Сурыкаў 2 красавіка заявіў, што да канца году газ будзе каштаваць не даражэй за цяперашнія 128 даляраў.

Але ж у любога кія два канцы. З новага году "Газпром" пагражае лічбаю $200. Адметна, што крыніцы ў гэтай карпарацыі (пры тым што зазвычай любяць падкрэсьліваць: мы толькі бізнэсоўцы, ніякай палітыкі!) зараз агучваюць альтэрнатыву, падобную на элемэнтарны палітычны шантаж: маўляў, калі хочаце таннага "блакітнага паліва", згаджайцеся на канфэдэрацыю!

Дурню зразумела, што "канфэдэрацыя" — толькі фігавы лісток, каб надаць мінімум прыстойнасьці пляну інкарпарацыі. Уцёкі ад "эўрапейскай формулы" разам з лёгікай сюррэалістычнай "вайны супраць Амэрыкі" ("формула 1+6" і г.д.) элемэнтарна штурхаюць Беларусь у імпэрскую пастку.

ЗЫ. Хай бы ўжо адразу пераходзілі на формулу 1+5! Акурат хакейны састаў :)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?