Прыватны футбольны клуб «Крумкачы», што сёлета заваяваў права на гульню ў Вышэйшай лізе, знайшоў грошы для ўдзелу ў ёй [узнос — 850 млн рублёў].

Пра гэта распавёў сузаснавальнік каманды Дзяніс Шунто сёння на прэс-канфэрэнцыі.

«Будзем на 100%, калі не перашкодзяць звыш сілы. Нам толькі трэба вырашыць футбольныя пытанні: дубль, моладзевую каманду».

Таксама «Крумкачы» анансавалі свайго тытульнага спонсара — бровар «Крыніца». «Калі мы даведаліся, што «Крумкачы» шукаюць тытульнага спонсара, мы зразумелі, што павінны імі стаць, — сказаў Аляксандр Кіжык, генеральны дырэктар «Крыніцы». — Мы блізкія з імі па духу, у нас адна філасофія».

Па словах Кіжыка, у кампаніі думаюць аб тым, каб выпусціць адмысловае піва.

«У бліжэйшы час папрацуем над унікальнай рэцэптурай, якая будзе адлюстроўваць футбольны клуб».

Сума тытульнага спонсарства не называецца. Па словах Віктара Радзько, які ўвайшоў ва ўпраўленне маркетынгавымі камунікацыямі клуба, «Крумкачы» будуць супрацоўнічаць і зь іншымі партнерамі.

«Грошы мы знайшлі, але іх ніколі не будзе шмат. Мы пачынаем з самага нуля, наша затратная частка будзе сур’ёзнай, і грошы нам патрэбныя».

Сярод іншага, «Крумкачы» зоймуцца и краўдфандынгам — запусцяць збор грошай на платформе «Улей», піша Радыё Свабода.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0