Стыпендыя імя Аркадзя Смоліча выдаецца студэнтам беларускіх вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў за выбітную грамадскую, культурную і сацыяльную дзейнасць у галіне развіцця грамадзянскай супольнасці Беларусі.
Стыпендыя заснаваная шэрагам некамерцыйных і камерцыйных арганізацыяў, а таксама высілкамі асобных грамадзянаў. Сярод арганізацыяў у стыпендыяльны фонд ахвяравалі: Міжнароднае грамадскае аб’яднанне ЗБС «Бацькаўшчына», грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» (Беларусь), Цэнтр развіцця студэнцкіх ініцыятываў (Беларусь), культурніцкая пляцоўка «Арт-сядзіба» (Беларусь), Брацтва арганізатараў студэнцкага самакіравання (Беларусь), праваабаронча-асветніцкае грамадскае аб'яднанне «Рух «За свабоду», моладзевая асацыяцыя «StudAlliance» (Літва), Студэнцкае прадстаўніцтва Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (Літва).
Свой асабісты ўнёсак у стыпендыю зрабілі: Кірыл Атаманчык, Максім Марыніч, Ігар Назаранка, Яўген Міхасюк, Павел Быкоўскі. Таксама, сярод фундатараў стыпендыі ёсць кампаніі «Vilnius Relax» (Літва) і «UFOX Media» (Беларусь).
Арганізатары Стыпендыі сабралі 40 заявак, сярод якіх 7 трапіла ў фінал.
У выніку галасавання, першай стыпендыянткай стала студэнтка архітэктурнага факультэта Нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Ганна Смірнова за ініцыятыву моладзевага летніка «Любча над Нёманам», дзе студэнты ўласнымі высілкамі аднаўляюць гістарычную спадчыну Беларусі — Любчанскі замак.
Арганізатары Стыпендыі імя Аркадзя Смоліча запрашаюць далучацца да ініцыятывы. Кожны ахвотны можа ахвяраваць сродкі на Стыпендыю, запоўніўшы кароткую форму.
Каментары