Суддзя Маскоўскага раёна Мінска Максім Сушко 30 снежня аштрафаваў студэнта Белдзяржуніверсітэта Глеба Вайкуля на 18 базавых велічынь (3,24 млн. рублёў) за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве — студэнцкім маршы, які прайшоў 2 снежня ў Мінску. 

Маладога чалавека абвінавацілі ў парушэнні ўстаноўленага парадку пікетавання. Згодна з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях, за гэта правапарушэнне прадугледжваецца пакаранне ў выглядзе папярэджання, або накладання штрафу ў памеры да 30 базавых велічынь, ці адміністрацыйнага арышту.

Вайкуль паведаміў БелаПАН, што плануе абскардзіць вердыкт у Мінскім гарадскім судзе.

«Гэта судзілішча над студэнтамі, якія спрабавалі абараняць свае правы, гэта пераслед за актыўную грамадзянскую пазіцыю і рэпрэсіі, якім няма канца», — сказаў Вайкуль.

Як паведамлялася раней, на наступны дзень пасля маршу студэнтаў Вайкуль атрымаў вуснае папярэджанне дэканата за пропускі заняткаў. Такое рашэнне на пасяджэнні прынялі члены нядаўна створанай ў ВНУ камісіі па пропусках заняткаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?