Дарагія сябры!

 

Спадзяюся, што вы чуеце мяне ў маім родным Полацку і ў сталіцы,у Браславе і Тураве, у Берасці і Магілёве, у Вільні, Празе, Таліне, Лондане, Нью-Ёрку — паўсюль, дзе жывуць беларусы, а значыць, жыве Беларусь.

Сёння хочацца гаварыць найперш пра тыя дні пражытага намі года, якія — калі згадаць словы паэта — мы адзначым у памяці светлымі каменьчыкамі.

Радасная вестка прыляцела ў 2015-м са Стакгольма, дзе Нобелеўскі камітэт уганараваў Святлану Алексіевіч самай высокай літаратурнай прэміяй. Лічу, што гэта ўзнагарода і ўсёй нашай культуры. Веру, што наперадзе ў Беларусі новыя Нобелеўскія прэміі.

Неймаверна жывы ў памяці і той дзень, калі мы сустракалі Міколу Статкевіча, Ігара Аліневіча, Яўгена Васьковіча ды іншых палітвязняў, якія нарэшце ўдыхнулі вольнага паветра.

У прамінулым годзе беларусы зноў і зноў заяўлялі пра жаданне жыць не ў велізарным, непрадказальным і агрэсіўным «русском мире», а — у сваім родным беларускім свеце.

Прайшлі пратэсты супроць планаў стварэння расейскай авіябазы.

У Менску адбылася міжнародная акадэмічная канферэнцыя, прысвечаная радзіме нашых продкаў — Вялікаму Княству Літоўскаму. Новыя камяні з барэльефамі герояў і магутнымі мемарыяльнымі мячамі паўсталі на месцах разгрому маскоўскіх захопнікаў у сярэдзіне ХVII стагоддзя пад Палонкай і Кушлікамі. Поспех напаткаў вялікую выдавецкую серыя «Мая беларуская кніга». Загаварылі па-беларуску, даючы прыклад палітыкам, нашы знакамітыя спартоўцы…

Аднак хіба дастаткова ўсяго гэтага без паслядоўнай палітыкі дзяржавы?

Улада абвясціла 2016-ты годам культуры. Хочацца спадзявацца, што — беларускай. Што ўказ не звядзецца да парадных урачыстасцяў і ўзнагароджання ордэнам Францыска Скарыны заезджых гастралёраў, якія ніколі пра Скарыну і не чулі.

У 2016-м спаўняецца чвэрць стагоддзя нашай незалежнасці. Калі яна нараджалася, я напісаў эсэ «Незалежнасць — гэта…», дзе адлюстраваліся нашы тагачасныя мары пра суверэнную Беларусь. Нейкія з іх здзейсніліся. Дзякуючы незалежнасці, беларускія хлопцы больш не гінуць за чужыя інтарэсы дзе-небудзь у Сірыі або на Каўказе.

Але маё эсэ пра незалежнасць за 25 гадоў так і не страціла актуальнасці…

А цяпер дазвольце расказаць вам адну калядную гісторыю. Неяк на пачатку тых самых 90-х я паехаў да сваякоў у вёску. Пасля вечаровага аўтобуса заставалася перайсці па лёдзе Дняпро, але разгулялася такая завея, што не было нічога відаць і за два крокі. І тут убачыў я наперадзе ўторкнутую ў снег ялінку. Дайшоў да яе і ўгледзеў другую, потым трэцюю… Так ад ялінкі да ялінкі і перабраўся на той бок. Нагасцяваўшыся ў бабулінай хаце, вяртаўся дадому ў ясны сонечны дзень. Убачыў здалёк знаёмыя ялінкі, ступіў на лёд і адчуў, як на галаве заварушыліся валасы. Ялінкі пазначалі зусім не сцежку, а — незамерзлыя палонкі. Толькі дзіва ўратавала мяне ў той завейны вечар.

Дык вось, часта ўяўляецца, што наша краіна ўжо шмат гадоў рухаецца менавіта так — ад палонкі да палонкі. Беларусь рызыкуе праваліцца ў імперскі бяздонны вір, з якога ўжо не будзе вяртання, і толькі нейкае дзіва бароніць нас.

Давайце ж у новым годзе спадзявацца не на дзіва, а на саміх сябе! Давайце мацаваць падмурак і сцены нашага беларускага дому! Задумайцеся, што зможаце зрабіць для гэтага вы самі.

Міру і незалежнасці вам, дарагія сябры!

І — як казала мая незабыўная бабуля — дай Божа, каб усё было гожа!

З Новым годам!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?