Прэм’ер‑міністр Польшчы Дональд Туск падпісаў праект дамовы аб малым памежным руху з Беларуссю, паведаміла Рацыі Моніка Хамюк з інфармацыйнага цэнтра польскага ўраду.

Такім чынам, ёсць спадзяванне, што дамова аб малым памежным руху паміж Польшчай і Беларуссю, на якую чакаюць жыхары памежных рэгёнаў, бліжэйшым часам будзе падпісана і пачне дзейнічаць. Дзякуючы гэтай дамове жыхары памежнай зоны змогуць ездзіць у суседнія краіны без візаў.

Зацверджаны дакумент перададзены зноў у МЗС Польшчы і затым будзе перасланы беларускаму боку, паведаміў нашаму радыё прэсавы сакратар польскага МЗС Пётр Пашкоўскі:

‑ Праект дамовы аб малым памежным руху з Беларуссю мы ўжо апрацавалі некалькі тыдняў таму. Згодна з законам толькі пасля зацвярджэння прэм’ер‑міністрам праект можа быць перададзены беларускаму боку.

Як паведаміў раней Рацыі прэс‑сакратар пасольства Рэспублікі Беларусь у Польшчы Дзмітрый Выбарны, беларускі бок гатовы разгледзець польскі праект ужо наступным днём:

‑ Ставім гэтую праблему перад польскім бокам з красавіка 2007 году. Дэкларуем гатоўнасць да працягвання перамоваў аб падпісанні гэтага пагаднення нават на наступны дзень пасля атрымання афіцыйнага праекту ад польскага боку.

Нядаўна такая дамова была падпісана паміж Польшчай і Украінай. Паводле яе, грамадзяне, што пражываюць у 50‑кіламетровай памежнай зоне, змогуць замест візаў атрымліваць адмысловыя дазволы ў выглядзе пластыкавых картак, якія будуць выдавацца на 2 гады і каштаваць 20 еўра.

Што ў беларуска‑польскай аналагічнай дамове — пакуль невядома. Мажліва, памежнай зонай вызначаць 30 кіламетраў, а не 50. Бо ў Еўракамісіі маюцца заўвагі што да пагаднення аб малым памежным руху паміж Польшчай і Украінай. Рэч у тым, што паводле заканадаўства ЕС, шырыня такой зоны — максімум 30 км.

Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0