2 красавіка апошнія з 14 пустэльнікаў пачалі пакідаць пячору‑схованку ля вёскі Нікольскае Пензенскай вобласьці. Яшчэ ў першай палове дня ў пракуратуры Бекаўскага раёну карэспандэнту «Свабоды» паведамілі, што на паверхню выйшла жанчына зь дзьвюма дзяўчаткамі, меншай няма і двух гадоў.

Навіна з Расеі даляцела ўжо да вёскі Глінянкі Кобрынскага раёну. У хату ўцекачоў‑вернікаў зьбіраюцца сваякі. З Баранавічаў прыехала спадарыня Галіна — родная сястра Аляксандра Вабішчэвіча. Паўгода таму ён зьехаў у Расею разам з жонкай Інай і двума дзецьмі — Валянцінай (12 гадоў) і Алёнкай, якой тады было ўсяго 1 год і 4 месяцы. Са спадарыняй Галінай размаўляем перадусім пра дзіця, якое бацькі трымалі ў падзямельлі 5 месяцаў:

«Каля мяне цяпер мая дачка, за якую Алёнка маладзейшая на паўтара месяца. Калі я бачу сваё дзіця і ўзгадваю, дзе знаходзіцца тое, то, вядома, вельмі хвалююся. Ведаеце, перад тым, як яны зьехалі, мы зьбіраліся ў гэтым доме. Вельмі іх угаворвалі, плакалі».

У Нікольскае на перамовы з пустэльнікамі быў запрошаны сьвятар Пензенскай япархіі айцец Гермаген. Вось чым тлумачыць станоўчы вынік ягонай місіі кіраўнік прэс‑службы ўраду Пензенскай вобласьці Антон Шырокаў:

«Справа ў тым, што айцец Гермаген традыцыйна лічыцца ў нас знаўцам Апакаліпсісу. Гэта тая біблейская кніга, якую пустэльнікі выбралі сабе за галоўную і якой кіруюцца ў сваіх дзеяньнях.

Таксама айцец Гермаген ведае статут пячорных манахаў і можа аргумэнтавана пераканаць нашых пустэльнікаў, што абраная імі форма схованкі — у прынцыпе не абавязковая. Гэта значыць, што жыцьцё на паверхні, па‑за пячорай, таксама дазваляе прытрымлівацца тых малітваў, посту і самаахвярнасьці, якія з пазыцый праваслаўных вернікаў цалкам дастатковыя для выратаваньня душы ў дзень Страшнага суду».

На пачатку лістапада 2007 году 35 чалавек (у тым ліку — чацьвёра дзяцей) схаваліся ў загадзя абсталяванай пячоры ў Бекаўскім раёне Пензенскай вобласьці. Пустэльнікі вырашылі заставацца там да траўня 2008 году, калі, на іх думку, павінен надысьці канец сьвету. Людзі пагражалі спаліць сябе, калі іх паспрабуюць пад прымусам дастаць з‑пад зямлі.

Мінула шмат месяцаў. Што цяпер кажуць родныя беларускіх пустэльнікаў? Меркаваньне Галіны Вабішчэвіч:

«Канечне, мы, як родныя, павінны атуліць іх клопатам і любоўю. Каб, калі яны вернуцца, далей удыхнулі тут жыцьцё. Бо калі дом без гаспадара, то ён развальваецца».

Згодна з афіцыйнай інфармацыяй амбасады Беларусі ў Расеі, у падземным сховішчы ля расейскай вёскі Нікольскае знаходзіліся 10 грамадзянаў Беларусі, сярод іх двое дзяцей. Дарослыя лічаць сябе прыхільнікамі сэкты «Горні Ерусалім», якую ачольваў жыхар вёскі Нікольскае Пётар Кузьняцоў. Гэты прапаведнік у 2006—2007 гадах некалькі разоў наведваў рэгіёны Беларусі, адкуль пазьней выехалі і схаваліся ў пячоры ягоныя прыхільнікі‑пустэльнікі.

Паводле: Вячаслаў Кулік, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0