На гэты момант каля 20 членаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) заявілі пра намер балатавацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі на сёлетніх выбарах. 

Як паведаміў БелаПАН намеснік старшыні БСДП (Грамада) Ігар Барысаў, рашэнне аб удзеле ў выбарах, якія пройдуць восенню гэтага года, было прынятае Цэнтральным камітэтам партыі каля месяца таму.

Сярод тых, хто вырашыў балатавацца ў парламент, Барысаў назваў такіх вядомых палітыкаў і грамадскіх дзеячаў, як Алег Трусаў, Мечаслаў Грыб, Алег Волчак. У найбліжэйшы час гэты спіс папоўніцца, лічыць намеснік старшыні партыі. 

Як адзначыў Барысаў, БСДП (Грамада) не адмаўляецца і ад таго, што яе прадстаўнікі ўвойдуць у агульны спіс кандыдатаў у дэпутаты ад дэмсіл, калі такі будзе сфарміраваны. Канчатковае рашэнне па фармаце ўдзелу ў выбарчай кампаніі будзе прынятае на пазачарговым з'ездзе партыі, які намечаны на чэрвень, паведаміў Барысаў. 

Нагадаем, 18 снежня апазіцыйныя палітыкі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Станіслаў Шушкевіч аб'явілі пра стварэнне аргкамітэта па падрыхтоўцы кангрэса дэмакратычных сіл для выпрацоўкі адзінай пазіцыі, у тым ліку па ўдзеле ў парламенцкай кампаніі. 21 снежня старшыня БСДП (Грамада) Ірына Вештард заявіла БелаПАН, што яна не супраць правядзення такога кангрэса і выпрацоўкі адзінага падыходу да парламенцкай кампаніі. «Але, шчыра скажу, я не маю вялікай упэўненасці, што гэта атрымаецца», — дадала яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?