Ад 4 студзеня пры ўездзе на мост-тунэль праз праліў Эрэсун, які злучае Швецыю і Данію, будзе ўведзены рэжым памежнага кантролю.

Пра гэта паведаміла расейская служба Deutsche Welle.

Такім чынам Швецыя спадзяецца спыніць плынь нелегальных мігрантаў, якія ўязджаюць у краіну. Ва ўсіх пасажыраў цягнікоў, аўтобусаў і паромаў, якія перасякаюць праліў, будуць правяраць пашпарты і візы, нягледзячы на Шэнгенскае пагадненне.

Стакгольм раптам зачыніў мяжу, прыняўшы ў 2015 годзе больш за 160 000 бежанцаў, у асноўным з Сірыі, Ірака і Афганістана.

Такім чынам, Швецыя з яе дзесяццю мільёнамі жыхароў аказалася на першым месцы сярод краін Еўрасаюза па колькасці прынятых бежанцаў на душу насельніцтва.

Паводле статыстыкі, розныя транспартныя сродкі штодня перасякаюць Эрэсунскі мост 75 000 разоў. Затрымкі ў сувязі з памежным кантролем абыдуцца ў 175 000 еўра, падлічылі спецыялісты Эрэсунскага інстытута.

Акрамя таго, новыя меры, якія абмяжоўваюць ўезд у Швецыю, прывялі да спынення наўпростых чыгуначных зносін паміж цэнтральным вакзалам Капенгагена і шведскай тэрыторыяй.

Пабудаваны ў 2000 Эрэсунскі мост паміж дзвюма дзяржавамі агульнай працягласцю 7,8 кіламетра да гэтага часу лічыўся сімвалам еўрапейскай інтэграцыі і свабоды перамяшчэння, адзначае агенцтва AP.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0