26 сакавіка, на наступны дзень пасьля таго, як спэцназ перашкодзіў удзельнікам дэманстрацыі, што мелася быць мірнай, прайсьці ад плошчы Якуба Коласа да помніка Янку Купалу, у тэатры імя Янкі Купалы ставілі Якуба Коласа. Пра «Сымона-музыку» ў пастаноўцы Пінігіна піша Аляксандар Фядута.

Крытыкі лічаць Коласа «заўзятым традыцыяналістам». Мікалай Пінігін паставіў коласаўскую паэму як містэрыю — памятаючы пра тое, што Канстанцін Міцкевіч быў малодшым сучасьнікам сымбалістаў. Пінігін прачытаў у ім тое, што звычайна вычытвалі пераважна ў Купалу — філязофскую глыбіню — у спалучэньні з ужо выключна коласаўскім эпічным дарам.

І тут рэжысэру давялося прайсьці страшную праверку. Былы школьны настаўнік літаратуры, я добра памятаю, у што ператвараецца клясычны твор, адданы на ганьбу падлеткам, якія яго не разумеюць. 26 сакавіка дзьве траціны залі складалі дзеці. Гэта быў звычайны паход у тэатар «на спэктакль паводле праграмы».

Але таму, што здарылася ў залі 26 сакавіка, ёсьць тры тлумачэньні. Па‑першае, у нас добрыя дзеці: тыя, хто яшчэ трапляе ў тэатар. Па‑другое, у нас добрыя настаўнікі беларускай літаратуры: тыя, хто яшчэ водзіць дзяцей у тэатар. Па‑трэцяе, яны прыйшлі на сапраўды вельмі добры спэктакль.

Як даросламу актору паказаць сталеньне свайго героя — ад хлопчыка‑пастушка да юнака‑музыкі? Як гэта выказаць паэту — зразумела. А актору, на сцэне, за паўтары гадзіны? Аляксандар Маўчанаў у ролі Сымона здолеў перадаць усё — і дзіцячую непасрэднасьць, і гарэзьлівы бляск у вачах, і шок ад сустрэчы з прыгожым — зь Яе Вялікасьцю Музыкай.

Але Пінігін ставіць коласаўскі ліра‑эпічны шэдэўр менавіта як містэрыю. Сымон для яго — мужыцкі прарок, толькі замест шасьцікрылага серафіма зьяўляецца да яго на зыходзе жыцьця дзед Курыла (бліскучая акторская праца Генадзя Гарбука) і ня грудзі расьсякае мячом, не замяняе грэшны язык «джалам мудрае зьмяі», а дае ў рукі смык беларускі — як адзіную спадчыну: ідзі, сталей! Тым больш што і спытаюць зь цябе як з дарослага: мы маем на ўвазе выбітную сцэну нападу ваўка і наступнага за ім пакараньня недарэчнага пастушка (тут Алена Сідарава выдатна грае маці Сымонкі).

Але хлопчык становіцца мужчынам толькі пасьля таго, як праходзіць шляхам спакусаў (сьвядома абапіраюся на інсцэніроўку Пінігіна, а не на паэму Коласа, бо гаворка — пра спэктакль, а не пра літаратурны твор). І з рук мужыцкага беларускага серафіма Гарбука, такога пазнавальнага ў сваёй пяшчотнай любові да дзіўнаватага хлопчыка, такога падобнага да гліняных анёлаў, чые німбы нагадваюць бусьлянкі, трапляе Сымонка ў рукі дэмана‑спакусьніка — Віктара Манаева.

Для яго героя, гарэзьлівага, жулікаватага, свавольнага Жабрака, скрыпка — усяго толькі сродак сабраць пабольш міласьціны.

Сцэна з жабраком, стылізаваная пад ажыўленае палатно Брэйгеля, становіцца кульмінацыяй першага акту спэктаклю. Натоўп, што прагна патрабуе міласьціны, пагрозьлівымі інтанацыямі і масіўнымі кіямі ў руках літаральна прымушаючы мінака падаць яе, — ён так і не супадае інтанацыйна з той мэлёдыяй, што гучыць у душы Сымонкі! Але спакусьнік таму і дэман (ня Дэман Лермантава, вядома, але такі дробны таленавіты бес, што ўмее і прыпавесьць дарэчна распавесьці, і сьлязу ў голас падпусьціць), што падобны да хоць і зрынутага, але анёла. Жабрак — той жа Сымонка, толькі ён плюнуў на мастацтва, на музыку, што гучала ў душы, і задаволены жабрацкай міласьцінай.

…Так і ідзе гэты дзіўны трыццацічатырохгадовы хлопчык — а іначай не сыграць, ня выцягнуць ускладзеную рэжысэрам задачу — рэальнае дзіця ня здолее! — так і ідзе ён ад дзеда да дзеда, ад аднаго анёла да другога, усё больш зямнога, усё большага спакусьніка. Яны розныя, гэтыя анёлы. Тут і карчмар Шлёма (Мікалай Кучыц — шыкоўны майстар эпізоду, трапны і дасьціпны); і паляшук дзед Даніла (як заўжды пераканаўчы Рыгор Маляўскі); і, нарэшце, пан у выкананьні недаацэненага, на мой погляд, Аляксандра Падабеда.

На гэтым пэрсанажы варта спыніцца асобна.

Загаварыўшы на чужой — на панскай — значыць, на польскай, хутчэй за ўсё, — мове, ён знаходзіць для мужыцкага сына Сымона самую страшную спакусу — спакусу прыгажосьцю. Ня сытасьцю, як Шлёма, спакушае ён юнака, а тым, што і так жыве ў душы Сымонкі, — то бок тым, дзеля чаго ён сам жыве. Нешматслоўны, вытанчаны, такі непадобны да масіўных Радзівілаў зь нясьвіскіх палотнаў, пан гэты, сыграны Падабедам, — нават вонкава — сучасьнік хутчэй Ельскіх і Чапскіх канца ХІХ стагодзьдзя. Апошні прадстаўнік арыстакратычнага роду, што вымірае, ён грае на раялі — ды так, што Сымонка літаральна ўзьлятае ў нябёсы (але гэта, у сваю чаргу, трэба прыдумаць, паставіць і сыграць так, каб заля не зарагатала, каб глядач прыняў гэтую тэатральную літаральнасьць як рэальнасьць! Брава, Пінігін!).

Але нечакана актор Падабед у гэтым маленькім сваім эпізодзе пераігрывае рэжысэра Пінігіна: ён жа падштурхоўвае Сымона вучыцца! І калі той сыходзіць з панскага замку, гэта проста невытлумачальна для гледача: хвіліну таму юнак лётаў на крылах музыкі, марыў вывучыць ноты і раптам сыходзіць! Куды? Да наіўнага, «ня панскага» мастацтва? Прымітыўна і прымальна для сацыялістычнага рэалізму. Але Пінігін ставіў свой спэктакль у 2005 годзе, калі «адзіна правільны мэтад» даўнавата ўжо быў у няласцы…

Ды гэта, імаверна, адзіны «пракол» рэжысэра ў спэктаклі — і, зноў вымушаны паўтарыцца, «дзякуючы» актору Падабеду, што вырашае сваю ўласную звышзадачу, і нагадвае гледачу, што кананічны «Сымон‑Музыка», якога мы ведаем са школьнай праграмы, вельмі істотна адрозьніваўся ад першага варыянту, напісанага маладым Коласам.

Час быў такі, што бяз «клясавай падкладкі» нават клясыкі абысьціся не маглі…

Будзем лічыць, што Сымон сышоў да свайго каханьня — да Ганны. Той, што чакала яго, адмовіла «гаспадарскаму сыну» Дамініку, стала ахвяраю яго дамаганьняў і звар’яцела ад гора.

Вось тут я вымушаны вярнуцца да «выпрабаваньня школай». Калі б падлеткі, што сядзелі ў залі, адчулі хаця б крыху фальшу ў сцэнах «толькі для дарослых», вы б пачулі такі рогат, што нават партрэт Коласа пачырванеў бы ад сораму. Але Мікалай Прылуцкі і Сьвятлана Анікей праводзяць сцэну гвалту адначасова жорстка і цнатліва. Як і наступную сцэну вар’яцтва Ганны. І калі гэтага ганебнага рогату ў залі не было, значыць, у нас сапраўды добрыя дзеці і добрыя настаўнікі. І добрыя акторы. Бо страшнейшым за гэтае выпрабаваньне для клясыка можа быць толькі выпрабаваньне поўным зборам твораў, калі ўсе ягоныя грашкі і хібы становяцца відавочнымі для чытача і дасьледчыка. А зарагатала публіка падчас спэктаклю недарэчы — і зьнік цуд тэатру, цуд ператварэньня пустой прасторы залі гледачоў у прастору высокага мастацтва.

Акторы вытрымалі гэтае выпрабаваньне. Дзеці, што запаланілі сабою дзьве траціны Купалаўскага і фактычна сталі яго адзінымі гаспадарамі, прынялі і дарослага дзядзьку, што граў іх аднагодка, і палёт на каванай жырандолі ў панскім замку, і аднакрылых анёлаў, і серп жняца, што замяніў сабой месяц на небе, і нават адкрытую спробу сыграць гвалт. Яны чулі цудоўныя вершы Коласа, бачылі палымяныя ад натхненьня вочы актораў, і іх — рэальных дзяцей — увага, дзьве з паловай гадзіны сканцэнтраваная на пінігінскай пастаноўцы, пацьвердзіла, што мы маем справу з шэдэўрам. Хіба гэта ня ўдзячнасьць?

Пасьля былі і кветкі. Сымону падаравалі вялізную крывава‑чырвоную ружу. І я ўявіў сабе, як актор Аляксандар Маўчанаў панясе яе дадому і на яе будуць падаць буйныя сьняжынкі — кшталту тых, якімі 25 Сакавіка беларускі Бог, нечым, відаць, падобны да Генадзя Гарбука, марна спрабаваў зацярушыць плямы рэальнай крыві, пакінутай на шляху ад плошчы Якубу Коласу да помніка Янку Купалу.

Аляксандар Фядута, глядач

***

Наступным разам Сымон-музыка на сцэне Купалаўскага -- 12 красавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0