Многія прадпрымальнікі, якія гандлявалі на рынках абуткам і вопраткай, спынілі працу. У залежнасці ад рынкаў на працу не выйшлі 70—90% гандляроў.

Гэта звязана з тым, што 1 студзеня 2016 года канчаткова набыў моц указ №222, які забараняе гандляваць таварам без накладных і сертыфікатаў. Чыноўнікі рабілі некалькі крокаў насустрач прадпрымальнікам: напрыклад, працягнулі тэрмін, калі можна было гандляваць рэшткамі несертыфікаванага тавару, знялі абмежаванні на колькасць гандлёвых кропак, дазволілі наймаць на працу не толькі сваякоў. Іпэшнікам далі зразумець: ад пачатку года ўказ пачне працаваць, падабаецца гэта ім ці не. Так і здарылася.

Журналісты «Нашай Нівы» знялі на відэа стан мінскіх рынкаў на сёння:

Пакуль большасць прадпрымальнікаў проста сышлі з рынкаў.

Чэрвеньскі рынак у Мінску. Прыкладна так жа сёння выглядае большасць рынкаў па ўсёй краіне.

Чэрвеньскі рынак у Мінску. Прыкладна так жа сёння выглядае большасць рынкаў па ўсёй краіне.

«Не ведаю, што з гэтым рабіць», — паказвае свой тавар Наталля, якая гандлюе на Чэрвеньскім рынку сталіцы каля двух гадоў. Яе працоўнае месца зачыненае, жанчына прыехала не гандляваць, а падлічыць рэшткі. Указам яна, само сабой, незадаволеная.

«Купіць тавар у Беларусі каштуе вельмі дорага — зімовая шапка з сертыфікатам каштуе 150—280 тысяч, — абураецца яна. — І гэта толькі закупачная цана! А раней мы па такой цане прадавалі самі».

Жанчына сцвярджае, што раней іпэшнікі накручвалі каля 50% ад закупачных цэнаў. «Людзям не патрэбныя гэтыя сертыфікаты, ім трэба проста купіць танней», — кажа Наталля.

«Пачынаючы з 1990-х купцоў усё задавальняла! Тым больш мы таксама імкнёмся не браць гэты «галімы падвал» з Масквы, а едзем у Турцыю, Кітай, — кажа яе калега, Алёна, якая гандлюе дзіцячымі рэчамі. — А вось сёння чамусьці раптам трэба ўсё мяняць».

Алёна, у адрозненне ад суседкі, працягвае працу, бо гандлюе беларускай прадукцыяй і таварам з сертыфікатамі. Але і яна не задаволеная: «На беларускіх базах няма выбару. А мне трэба даць выбар купцу. А як?».

Па словах жанчын, апошнія месяцы яны працавалі за капейкі, не атрымліваецца зарабіць і $500. На пытанне, чаму тады працягвае гандаль, Алёна адказвае так: «А куды тавар падзець? Я ж у яго ўклала грошы».

Пры гэтым, нягледзячы на абурэнне, жанчыны кажуць, што пратэставаць нікуды не пойдуць, бо не бачаць у гэтым сэнсу.

Праўда, існуе і адваротнае меркаванне — што не ўсё так дрэнна.

«Увесь мой тавар мае сертыфікаты. І цэны не выраслі. Бо я рыхтаваўся два гады — шукаў пастаўшчыкоў», — кажа мужчына, які папрасіў падпісаць яго «прадпрымальнік Іваноў».

«Іваноў» гандлюе мужчынскімі джынсамі і кашулямі. Ён кажа, што, як і раней, працаваць можна. «Я працую з праверанымі фірмамі. Штосьці не магу прывезці, але гэта не крытычна. А астатнім проста лянота варушыцца, штосьці шукаць. Многім лянота праверыць, што за паперы ім даюць — чалавек атрымлівае сертыфікат, а там тэрмін — «студзень 2015», мінулагодні. Гэта звычайная чалавечая лянота, — кажа мужчына. — Хто хацеў, той зрабіў усё нармальна. Зразумейце, што 80% закрыліся, але гэтыя 80% заўсёды былі пасіўнай масай. Яны не ездзяць на форумы, яны нічога не робяць».

Праўда, адзначае мужчына, каб падрыхтавацца, яму спатрэбіліся і спрыт, і грошы. А сярод іпэшнікаў хапае і людзей у гадах. І тут ужо пытанні да беларускіх аптовых базаў, якія ўлады абяцалі адкрыць, кажа ён.

«Бо на гэтых базах — завышаныя цэны, і браць тавар там не выгадна», — кажа «Іваноў».

Падобная ж сітуацыя і на астатніх рынках сталіцы і краіны.

Рынак «Ждановічы»

Рынак «Ждановічы»

«Экспабел».

«Экспабел».

«Ракаўскі кірмаш».

«Ракаўскі кірмаш».

ГЦ «Імпульс».

ГЦ «Імпульс».

«Непасрэдна ў нас каля 80% тых, хто гандлюе вопраткай, закрыліся. Скажам так, узялі паўзу. Яны часткова аплочваюць працоўныя месцы, чакаюць, што будзе далей», — каментуе Генадзь Фінскі, дырэктар Чэрвеньскага рынка.

 Фінскі кажа, што рашэнні павінны быць прынятыя як мага хутчэй. Інакш сам рынак як прадпрыемства спыніць сваё існаванне. «Нас таксама гэты ўказ не задавальняе. Але што зробіш. Мы з Беларускім саюзам прадпрымальнікаў падрыхтавалі праект мераў па вырашэнні сітуацыі, — кажа ён. — Пры гэтым мы прыватнае прадпрыемства. Самі бралі валютны крэдыт, каб падрыхтаваць гэтую пляцоўку… І магу сказаць, што калі праект указа ў бліжэйшы час не будзе зменены, то мы, арганізацыя «Чэрвеньскі рынак», будзем падаваць на банкруцтва, бо не зможам плаціць па рахунках».

Па словах Фінскага, прадпрымальнікі чакаюць, што канчатковы адказ ім дадуць у студзені.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?