У адным шэрагу з імем Кастуся Каліноўскага стаіць імя яго сябра і паплечніка — Цітуса Далеўскага, з якім яго ядналі не толькі радыкальныя погляды на сацыяльную справядлівасць. У іх шмат супольнага як у жыцці, так і ў смерці. Абодва нават кахалі жанчын з адной сям’і — Ямантаў.

Цітус нарадзіўся 1 (13) мая 1840 года ў маёнтку Кункулка Лідскага павета. Ён быў малодшым сынам Дамініка і Дамінікі Далеўскіх, якія ўсяго мелі чатырох сыноў і шасцёх дачок. Небагатая шляхецкая сям’я, вядомая на ўсю Вільню, мела арэол патрыётаў зніклай Рэчы Паспалітай. Маці, Дамініцы Далеўскай, было наканавана перажыць шасцярых сваіх дзяцей.

У цяні старэйшых братоў

Яе старэйшыя сыны, Францішак і Аляксандр, былі арыштаваныя ў 1848 за арганізацыю таемнага таварыства «Саюз літоўскай моладзі». Яны адмовіліся, як сёння б сказалі, супрацоўнічаць са следствам і былі сасланыя ў нерчынскія руднікі. Першапачаткова Францішка прысудзілі да смяротнага пакарання, але ўратавала прадажнасць тагачаснай расійскай карнай сістэмы. Сям’я сабрала грошы на хабар, у выніку чаго Францішак атрымаў 15 гадоў катаргі, а яго брат Аляксандр — 10.

На катарзе Францішак падхапіў тыф, але здолеў яго перамагчы. Слабейшы здароўем Аляксандр прывёз з руднікоў сухоты і ў 1862­-м, ужо ў Вільні, сканаў. У тым жа годзе не стала і старэйшага брата Кастуся Каліноўскага — Віктара, памерлага таксама ад сухотаў.

Па вяртанні на Радзіму ў канцы 1850­-х браты Далеўскія ўладкоўваюцца ў французскую кампанію па будаўніцтве пецярбургска-­варшаўскай чыгункі і зноў гартуюць таемную арганізацыю з мэтаю вызвалення края ад маскоўскай навалы.

Разам з Якубам Гейштарам Францішак Далеўскі ўзначальвае так званую партыю «белых», якая імкнулася дабіцца дэмакратычных пераўтварэнняў без узброенага паўстання. Яго праціўнікамі былі малодшыя браты Канстанцін і Цітус, якія горача падтрымлівалі «чырвоных» і будучага дыктатара паўстання Кастуся Каліноўскага. Зімою 1863 года, калі паўстанне пачыналася, Кастусь на каленях упрошваў Францішка перайсці на бок «чырвоных», але той не паддаўся.

У чэрвені 1863 Францішка арыштавалі. Другі раз у жыцці ён быў асуджаны на смерць. І зноў сям’я выкупіла яго. За дараванне жыцця яму і яшчэ двум паплечнікам — Аскерку і Яленскаму — Мураўёў атрымаў 15 тысяч рублёў, што было на той час вялізнай сумай.

Пасля 20 гадоў катаргі Францішак у 1883 годзе пераехаў у Варшаву, дзе ў 60 год ажаніўся з маладой Амеліяй Сакалоўскай, ад якой меў чатырох дачок. Працаваў Францішак на чыгунцы і памёр у 1904 годзе, напярэдадні вялікіх зменаў у краі.

Аднакласнік Багушэвіча

Цітус Далеўскі з маленства гадаваўся ў цяні старэйшых братоў, да якіх імкнуўся быць падобным. Таксама ён змалку рыхтаваў сябе для гераічнай барацьбы. У шэсць гадоў, для праверкі сваіх здольнасцяў, Цітус папрасіў сястру, каб тая пракалола яму руку гарачай іголкай. Калі ж тая са слязамі адмовілася, зрабіў гэта сам і пасля доўга цярпеў, не расказваючы бацькам пра траўму. Узгадаваны на прыкладах гераічнай смерці Міхала Валовіча, павешанага ў Гродне ў 1833, і Юзэфа Капусцінскага, павешанага ў Львове ў 1847, малы Цітус папрасіў сяброў, каб тыя падвесілі яго на дзвярной ручцы. І калі хлапчукі пабачылі, як іх сябар задыхаецца, спалохаліся і разбегліся. Цітуса ўратаваў Францішак, які выпадкова завітаў у пакой.

Пасля арышту старэйшых братоў у 1848 іх маці Дамініка паддалася на ўгаворы генерал-­губернатара Бібікава і, каб зняць з сям’і таўро здраднікаў, вырашыла аддаць малога Цітуса ў расейскую кадэцкую школу. Хлопчык не супраціўляўся і рыхтаваўся да экзамену. Вучыўся так старанна, што ў хуткім часе ведаў больш, чым магла даць яму школа. Але ніхто не ведаў, што творыцца ў яго душы. Выпраўляючы брата на экзамены, яго сёстры плакалі, але ў адказ пачулі: «Не плачце, хутка вярнуся». Матуля ж знайшла на стале запіску, у якой Цітус пазначыў: «Двух старэйшых братоў пашча дзікага звера ўжо зжэрла, а ты сама трэцяга выпраўляеш яму на спажыву».

Цітус вярнуўся дахаты, мэтаскіравана заваліўшы экзамены. Замест кадэцкай школы, ён з братам Канстанцінам паступіў у Віленскую гімназію, дзе вучыўся ў адным класе з будучымі паўстанцамі Францішкам Багушэвічам, Аляксандрам Міладоўскім і Юліянам Чарноўскім, а яго брат Канстанцін — з Вінцэнтам Віткоўскім і Зыгмунтам Мінейкам.

У час навучання ў гімназіі малодшыя браты Далеўскія праславіліся на ўсю Вільню як плыўцы, уратаваўшы ў Віленцы некалькі чалавек.

Маскоўскія прыгоды

Пасля сканчэння гімназіі ў 1861 Цітус з Канстанцінам паступілі ў Маскоўскі ўніверсітэт і адразу далучыліся да таемнага студэнцкага таварыства «Огул», створанага па прыкладзе «Саюза літоўскай моладзі», арганізацыі іх старэйшых братоў. Суполка налічвала паўтысячы сяброў, сярод якіх Цітус, 17­-гадовы студэнт юрыдычнага факультэта, меў такі аўтарытэт, што аднагалосна быў абраны збіральнікам унёскаў.

Пасля пачатку маніфестацый у Варшаве Цітус наведваецца ў Пецярбург да Зыгмунта Серакоўскага, выязджае на радзіму для атрымання загадаў аб далейшым кірунку працы. Адначасова ў Маскве студэнцкая моладзь вядзе падрыхтоўку да паўстання, якое павінна было ахапіць заходнюю і цэнтральную часткі імперыі ажно да Волгі. Цітус браў удзел у складанні і друку рэвалюцыйных адозваў на рускай мове да салдатаў і мясцовага насельніцтва.

У адказ жандармы пачалі праводзіць у студэнтаў ператрусы, шукаючы «зловредные» выданні. Таму ўсе адозвы, што яшчэ былі на руках, склалі ў вялікую скрыню і вырашылі затапіць у канале. Уначы, калі студэнты валаклі тую скрыню па маскоўскіх вуліцах, іх раптам спаткаў патруль. Напалоханыя, хлопцы кінуліся на ўцёкі. Застаўся адзін Цітус. Ён разумеў, да якіх цяжкіх наступстваў прывядзе траплянне ў рукі ўладаў такой колькасці адозваў. Далеўскі здолеў дацягнуць куфар да вады і скінуць у канал. А сам пабег насустрач патрулю і прыкінуўся вар’ятам. Яго арыштавалі, але праз некалькі дзён вызвалілі.

«Тут смерць непазбежна чакае кожнага з нас»

Калі ў 1863 у Польшчы, Беларусі і Літве пачалося паўстанне, Цітус накіроўваецца ў Вільню, каб на адзін дзень наведаць сям’ю і затым выправіцца ў атрад свайго швагра — Зыгмунта Серакоўскага. Сястра Апалонія ўзгадвала: «У памяці ў мяне паўстае яшчэ адна карціна, калі Францішак паведаміў нам аб адбыцці Цітуса з Масквы пад чужым імем і яго намеры адправіцца на наступны дзень у атрад Зыгмунта. Моўчкі стаяла маці. Падбеглі сёстры, Юзэфа і Ксавера, молячы, каб не высылалі Цітуса на смерць, Канстанцін жа ўжо там. «Вы не разумееце, — адказаў ён, — на вайне жыццё і смерць залежаць ад лёсу, выпадку. Тут жа смерць непазбежна чакае кожнага з нас». Далеўскія ўсё ж угаварылі брата не ісці ў атрад. Але дзейнасці ён не спыніў, стаўшы адным з самых актыўных паўстанцкіх сувязных і экспедытараў.

Ягоны ж брат Канстанцін пасля паразы Серакоўскага пад Біржамі стварыў асобны атрад. Канстанцін вылучаўся непахісным спакоем, які не знікаў нават пад градам куль. Цяжка паранены, ён, перадаўшы кіраўніцтва атрадам, перайшоў мяжу, але, як рана загаілася, вярнуўся ў край, ахоплены мураўёўскім тэрорам, каб уратаваць рэшткі свайго атрада. У 1871 Канстанцін змагаўся на барыкадах за Парыжскую Камуну і быў расстраляны версальцамі.

Францішак Далеўскі, разумеючы імкненні малодшага брата праявіць сябе, уводзіць Цітуса ў Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы, які ачольваў Якуб Гейштар. Па загадзе апошняга Цітус едзе ў Маскву, каб адгаварыць студэнтаў «Огула» накіроўвацца на радзіму ў паўстанцкія атрады. Але Цітус узяўся без ахвоты — ён, з яго гарачым імкненнем да сацыяльных зменаў, быў блізкі да «чырвонага» Каліноўскага. З Кастусём Цітус пасля вяртання ў Вільню праводзіць шмат часу. Іх штабам была віленская кватэра сям’і Ямантаў, дочкі якой — Марыя і Алена — сталі нарачонымі Кастуся і Цітуса.

Друкар, кур’ер, разведчык

Цітусу Далеўскаму даручалі самыя небяспечныя заданні. Ён кіраваў паўстанцкай друкарняй, якую трэба было добра хаваць і ўвесь час перавозіць. Ён займаўся пастаўкаю грошай і зброі ў атрады, інфармаваў пра дыслакацыю варожых войскаў, разам з Каліноўскім складаў інструкцыі і рапарты.

Калі пагроза арышту навісла над Каліноўскім і Далеўскім, ім былі дасланыя з Пецярбурга пашпарты для ўцёкаў за мяжу. Але ні ўгаворы сяброў, ні слёзы на вачах нарачоных не змусілі іх да гэтага. У адказ на просьбу Алены Ямант Цітус толькі сказаў: «Калі пасля маіх уцёкаў нікога не застанецца на маім месцы — я згодны. У адваротным выпадку, калі пасля мяне хто­небудзь можа загінуць — я застаюся, аддаю перавагу загінуць сам». Каліноўскі з Далеўскім дамовіліся: першы, хто з іх будзе арыштаваны, возьме на сябе ўсю адказнасць, каб заблытаць следства і даць час сябрам.

Апошнія месяцы 1863-­га Цітус ўвесь час мяняе кватэры. То на вуліцы Рудніцкай, у доме Свянціцкай, то ў Грагатовічаў, некалькі начэй нават праводзіць на могілках, каля магіл бацькі і брата. Карыстаецца прозвішчамі Парфіяновіч і Маеўскі. Яго многія ведалі асабіста, але ніхто не выдаваў, нягледзячы на абяцаную ўладамі ўзнагароду. Не раз на вуліцы да Цітуса падыходзілі бедныя віленскія габрэі і папярэджвалі пра шпіёнаў. Некалькі разоў ён цудам ратаваўся з­-пад носу паліцыі.

Але 20 снежня яго арыштавалі на кватэры ўдавы паэта Уладзіслава Сыракомлі — Паўліны Кандратовіч, дзяцей якой ён вучыў рускай мове. Расійскія жандары даведаліся пра тое, дзе Далеўскі і Каліноўскі, ад арыштаванага паўстанца Людвіга Дзічкоўскага і правакатара Юзафа Кушалеўскага, якія выдалі явачныя кватэры. Каліноўскага ўдалося папярэдзіць, Цітусу ж не пашанцавала.

«Разаб’ю сабе галаву аб вугал сцяны»

Пры ім знайшлі дакументы на імя Маеўскага. Ён назваўся студэнтам, які зарабляе ўрокамі рускай мовы і дачынення да паўстання не мае. Але пасля вобшуку яго кватэры аднеквацца не выпадала. У апошнім лісце да сваёй нарачонай Алены Ямант ад 22 снежня Далеўскі запісаў: «Праз здраду доктара Дзічкоўскага да Сыракомлінай быў засланы шпіён. Калі я пайшоў, за мной уварвалася паліцыя і арыштавала ўсіх, хто знаходзіўся ў яе кватэры. У мяне на кватэры знайшлі моцна кампраметуючыя мяне паперы. Першыя два дні зняволення былі яшчэ ніштаватымі, на другі дзень у мяне адабралі ўсё, пакінуўшы ў адной бялізне. Мяне адвялі ў камісію на так званую вочную стаўку з Сыракомлінай. У адказ на яе просьбы і ўгаворы прыйшлося падпісаць яе паказанні, якія канчаткова мяне асуджаюць.

Я заявіў камісіі, што калі мне не палегчаць становішча, то разаб’ю сабе галаву аб вугал сцяны. Мусіць, мой твар быў страшны, вочы гарэлі ад голаду і холаду, твар у брудзе, рукі ў пяску і смецці. Член камісіі спалохана адскочыў. Я вярнуўся ў сваё падзямелле з думкаю пра самагубства, ужо гатовы быў яго здзейсніць, калі мне прынеслі плашч і некалькі збітых дошак.

Гэта была асалода!..

У панядзелак ваенна­палявы суд перашле прысуд па маёй справе Мураўёву — у аўторак ці ў наступныя дні я буду мёртвы.

У жыцці маім я не адчуў шчасця. Дзяліў з маёй сям’ёй яе вялікую нядолю і ўсе маральныя пакуты. Любіў сваю Радзіму і цяпер мне радасна аддаць за яе жыццё. Пакідаю маю сям’ю на апеку майго народа, бо з нас, братоў, ніхто не застанецца жывым».

Цітус не ведаў, што цяжка паранены брат Канстанцін выжыў, а старэйшаму Францішку сям’я купіла права на жыццё.

Свой ліст да Алены Цітус завяршаў наступнымі словамі: «Праз тры дні свята Божага Нараджэння. Прашу цябе разламаць аплатку ў маё імя. Буду з Вамі думкамі, пачуццямі і душою. Матка і Ты, блаславіце мяне на смерць!»

Допыты не мелі плёну. Цітус, акрамя сваёй ролі ў паўстанні, больш ні пра што не паведаміў і Каліноўскага не выдаў.

30 снежня 1863 Цітуса Далеўскага расстралялі на Лукішскай плошчы ў Вільні. Яго сям’ю — маці і сясцёр — выслалі ў розныя губерні Расіі, і ніхто з іх не змог развітацца з Цітусам.

***

Васіль Герасімчык. Гісторык, літаратар. Нарадзіўся ў Васілевічах пад Слонімам. Жыве ў Гродне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0