Нам, беларусам, памятная галадоўка 1903 г. у знакамітай пецярбургскай турме «Кресты», бо ў ёй браў удзел адзін з пачынальнікаў нашага нацыянальна‑вызваленчага руху Іван Луцкевіч. Некаторыя схіляюцца да думкі, што менавіта ў «Крестах» Іван Луцкевіч падарваў сваё здароўе і што менавіта гэта абумовіла яго раннюю — у 38 гадоў — смерць.

Нам вядомыя галадоўкі індыйскіх патрыётаў, якія пад кіраўніцтвам Махандаса Карамчанда Гандзі змагаліся супроць брытанскага панавання. У паваенны час мы былі сведкамі трагедыі паўночнаірландскага патрыёта Роберта (Бобі) Сэндса (ён памёр на 65‑я суткі галадоўкі) і 9 ягоных таварышаў. Па «галасах» мы чулі пра галадоўку акадэміка Андрэя Сахарава, сасланага ў г. Горкі (Ніжні Ноўгарад), і пра тое, як яго гвалтам кармілі пры дапамозе шлангу.

Беларуская рэчаіснасць лукашэнкаўскага перыяду прымусіла трымаць галадоўку вязняў Юрыя Хадыку і Вячаслава Сіўчыка. Гэтая акцыя пратэсту была паспяховая: абодва вязні «валадаркі» выйшлі на волю. Каб прадухіліць галадоўку групы дэпутатаў Вярхоўнага Савета Беларусі ХІІ склікання, Лукашэнка і яго памагатыя ўжылі гвалт да народных абраннікаў. Мы ведаем, што 1999 годзе ў ізалятары на вуліцы Акрэсціна трымаў галадоўку і супраціўляўся гвалтоўнаму кармленню Віктар Ганчар. Няма сумневаў, што мужныя паводзіны В. Ганчара шмат у чым прадвызначылі яго трагічнае «знікненне». Сваёю 53‑дзённаю галадоўкаю Аляксандр Казулін дамогся таго, што аб праблеме правоў чалавека ў Беларусі загаварылі на ўзроўні Рады Бяспекі ААН.

Усе вызвольныя рухі ставіліся да галадоўкі як да святога (sacrum). Галадоўкі пачыналіся з сур’ёзнымі мэтамі і намерамі; яны, як правіла, былі працяглыя. Галадоўкі часцей за ўсё праводзіліся ў вязніцах або ў публічных месцах. Гэта прадухіляла ўсякую магчымасць інсінуацыяў у дачыненні да галадоўшчыкаў з боку уладаў. Гэта прымушала ўлады або йсці на саступкі ўдзельнікам акцый, або ўжываць да іх гвалт. Гэта не давала мяшчанам магчымасці кпіць з галадоўшчыкаў і распаўсюджваць пра іх усякія байкі.

У 2006 г. мы сутыкнуліся з новай з’явай. Нехта (гэта былі, здаецца, маладыя палітыкі з сацыял‑дэмакратаў) прыдумаў эстафетную галадоўку. Чалавек колькі там дзён галадае, за ім другі, за другім трэці…

Я ведаю галадоўкі, разлічаныя на некалькі дзён (часцей за ўсё на тры). Іх практыкуюць хрысціяне, асабліва перад Пасхай. І называюцца яны шчырым постам. Пост гэты дапаўняецца малітвамі. Бывае, што хрысціяне па некалькі дзён жывуць на адной вадзе, посцячы ў нейкай інтэнцыі. Так, маці беларускай патрыёткі Надзеі Дземідовіч некалькі гадоў нічога не ела па серадах і пятніцах, малілася, каб яе дачка вярнулася з ГУЛАГу, і Бог даў ёй пабачыць дачку на волі.

Хрысціяне, посцячы і молячыся, у адпаведнасці з Хрыстовым прыказаннем не робяць гэта публічна. Нашы ж эстафетныя галадоўшчыкі выстаўляюць сябе на паказ.

Сёлета зноў абвешчана эстафетная галадоўка. Мэты гэтай эстафетнай галадоўкі заяўленыя сур’ёзныя, але форма і тэрміны яе правядзення аніяк не трывожаць уладу, даюць уладзе і грамадзянам (не абавязкова мешчаноце) падставы для кепікаў. Месцы правядзення эстафетнай галадоўкі («каля халадзільнікаў», як жартуюць дасціпнікі) таксама не надаюць ёй грамадскай вагі. Эстафетным галадоўшчыкам відавочна нестае мужнасці Юрыя Хадыкі і Вячаслава Сіўчыка, Віктара Ганчара і Аляксандра Казуліна. Але самае галоўнае тое, што форма, тэрміны і месцы правядзення эстафетнай галадоўкі зніжаюць sacrum да profanum.

Трэба ў ветлівай форме папрасіць эстафетных галадоўшчыкаў спыніць прафанацыю галадоўкі як сродку мірнага пратэсту і супраціву тыраніі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?