Кіраўнік Рэгіянальнага прадстаўніцтва Фонду імя Фрыдрыха Эбэрта ва Ўкраіне і Беларусі Штэфан Хробат заявіў пра пачатак працэсу закрыцьця прадстаўніцтва ў Менску.

Кіраўнік акрэдытаванай у Беларусі філіі прадстаўніцтва Фонду Фрыдрыха Эбэрта Сяргей Анацка ў інтэрвію Радыё Свабода паведаміў:

«Гэта перадусім выклікана тым, што зьмяніліся ўмовы працы. У тым ліку зьмянілася заканадаўства Беларусі, таму фонд мусіць зачыняцца. Ёсьць такі дакумэнт, як «Палажэньне аб прадстаўніцтвах», у апошні час яно зьмянілася. То бок калі раней трэба было, каб МЗС, Мін’юст ці суд прымаў рашэньне аб закрыцьці арганізацыі, то сёньня атрымліваецца, што адмысловага рашэньня прымаць ня трэба. І калі тэрмін скончыўся, то прадстаўніцтва аўтаматычна лічыцца зачыненым. Таму фонд сам змушаны пачынаць працэс закрыцьця. Былі падрыхтаваныя ўсе дакумэнты, яны былі пададзеныя, але мы не атрымалі адказу».

Адказу на свой запыт, накіраваны ў МЗС, у фондзе чакалі больш за два гады

Праца Рэгіянальнага офісу фонду Эбэрта ва Ўкраіне, адкуль каардынавалася праца менскага прадстаўніцтва, зьменаў не зазнала.

Прадстаўніцтва нямецкага фонду з галоўным офісам у Бэрліне працуе больш як у сотні краінаў сьвету. У кіеўскім офісе працэс закрыцьця філіі фонду Эбэрта называюць «прыкрым для Беларусі фактам». «Зьмена ўмоваў у Беларусі і палітычныя крокі афіцыйных уладаў прывялі да таго, што неабходнасьць закрыцьця прадстаўніцтва стала непазьбежнай», — гаворыцца ў распаўсюджаным сёньня прэс‑рэлізе фонду імя Фрыдрыха Эбэрта.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0