У адказ на закрыццё пасольства Ізраіля ў Мінску Беларусь закрывае сваё пасольства ў Тэль-Авіве, гаворыцца ў каментары прэс-сакратара МЗС Беларусі Дзмітрыя Мірончыка, распаўсюджаным 7 студзеня прэс-службай беларускага знешнепалітычнага ведамства.
«Звычайная дыпламатычная практыка такая, што на закрыццё пасольства адказваюць аналагічным чынам, — сказаў Мірончык. — Са шкадаваннем вымушаны пацвердзіць, што ў сувязі з рашэннем Ізраіля аб закрыцці пасольства ў Мінску Беларусь, кіруючыся прынцыпам узаемнасці, таксама вымушана прыняць комплекс мер па завяршэнні дзейнасці сваёй дыпламатычнай місіі ў Тэль-Авіве».
Мірончык таксама адзначыў: «Лічым, што ізраільскі бок робіць памылку, ігнаруючы той факт, што нас звязваюць лёсы дзясяткаў тысяч людзей, для якіх Ізраіль і Беларусь з'яўляюцца блізкімі і роднымі краінамі, а таксама ў цэлым пазітыўную дынаміку двухбаковых адносінаў у розных сферах».
Ён нагадаў, што «такі няправільны крок» ужо рабіўся ізраільскімі партнёрамі ў 2003 годзе і «менш чым праз год ім прыйшлося яго выпраўляць».
«Упэўнены, што падтрыманне адносінаў паміж Беларуссю і Ізраілем на ўзроўні пасольстваў — аб'ектыўная неабходнасць, а аднаўленне іх дзейнасці — толькі пытанне часу», — сказаў Мірончык.
Нагадаем, 4 жніўня 2015 года ўрад Ізраіля падтрымаў прапанову прэм'ер-міністра Біньяміна Нетаньяху аб ліквідацыі сямі дыпламатычных прадстаўніцтваў у сувязі са скарачэннем выдаткаў. У ліку дыппрадстаўніцтваў, меркаваных да скарачэння, ізраільскі прэм'ер назваў і пасольства ў Беларусі.
Крыху пазней былы ізраільскі пасол у Беларусі Іосіф Шагал паведаміў БелаПАН, што ў МЗС Ізраіля створана камісія па вывучэнні пытання аб скарачэнні сямі дыппрадстаўніцтваў у свеце. Ці закране гэтае скарачэнне пасольства ў Беларусі, невядома, дадаў Шагал.
Варта адзначыць, што з 26 лістапада паміж Беларуссю і Ізраілем пачаў дзейнічаць бязвізавы рэжым.