Кіраўнік ініцыятыўнай групы па стварэнні сацыяльна-асветнага грамадскага аб'яднання «Мацярынскі рух 328» Ларыса Жыгар звярнулася з адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваннем «спыніць хвалю катаванняў» у дачыненні да затрыманых і асуджаных асоб па артыкуле за распаўсюджванне наркотыкаў, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org

Падставай для звароту стаў інцыдэнт у турме № 8 горада Жодзіна, дзе 5 студзеня 20-гадовы Ягор Пратасеня спрабаваў ажыццявіць спробу самагубства. 

Як адзначаецца ў лісце, у апошні час у турмы трапляе шмат маладых людзей, асуджаных за гандаль наркотыкамі. «Затрыманыя як «наркадылеры» і «наркабароны» маладыя людзі зведваюць катаванні, здзекі, правакацыі з боку органаў пераследу. Псіхіка многіх не вытрымлівае. Беларусь займае адно з вядучых месцаў па суіцыдзе», — піша аўтар. 

Спробу самагубства Пратасені Ларыса Жыгар лічыць вынікам «самавольства супрацоўнікаў наркакантролю Салігорска». «На працягу васьмі месяцаў, знаходзячы ў турме № 8 Жодзіна, седзячы ў камеры-адзіночцы ён пісаў маці аб суіцыдзе. Але як гэта прапускаў цэнзар? Чаму хлопец сядзеў адзін?.. Чаму такім чынам нашай моладзі трэба даказваць, што яна мае рацыю, а можа, і невінаватая? Чаму ў нашай краіне вітаюцца катаванні, збіванні, націск і правакацыі?» — задае пытанні актывістка. 

Даследчую праверку па факце спробы самагубства асуджанага ў турме праводзіць Жодзінскі гарадскі аддзел Следчага камітэта. Паводле папярэдніх звестак СК, грамадзянін 1995 года нараджэння, асуджаны судом Салігорскага раёна па ч. 3 арт. 328 КК (распаўсюджванне наркотыкаў) на 14 гадоў пазбаўлення волі, спрабаваў учыніць самагубства шляхам павешання ў адзіночнай камеры. Спроба суіцыду была спынена супрацоўнікамі турмы. 

Цяпер маладому чалавеку аказваецца неабходная медыцынская дапамога, паведаміў СК. Праводзіцца комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на высвятленне ўсіх акалічнасцяў здарэння, а таксама прычын і матываў, якія вымусілі асуджанага да такіх намераў.

«Рух маці 328» аб'ядноўвае сваякоў грамадзян, асуджаных за распаўсюджванне наркотыкаў. Мэтай ініцыятывы з'яўляецца аказанне матэрыяльнай і псіхалагічнай дапамогі асуджаным і іх сем'ям, а таксама іх інфармацыйная і юрыдычная падтрымка. Актывісты спрабавалі зарэгістраваць арганізацыю ва ўпраўленні юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама, але атрымалі адмову.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?