Паліцыя Германіі арыштавала больш за 200 чалавек па справе аб масавых беспарадках на ўскраіне Лейпцыга, зладжаных ультраправымі актывістамі.
У панядзелак увечары антыісламскі рух PEGIDA арганізаваў у горадзе антыімігранцкі марш, на які выйшлі некалькі тысяч чалавек.
Нагодай да правядзення акцыі сталі напады на жанчын у Кёльне, учыненыя 31 снежня. Паводле дадзеных уладаў, практычна ўсе падазраваныя ў гвалце — выхадцы з Паўночнай Афрыкі і арабскіх краін, якія нядаўна перасяліліся ў Германію ў якасці бежанцаў і нелегальных мігрантаў.
Удзельнікі акцыі выкрыквалі нацыяналістычныя лозунгі, а таксама абразы ў адрас канцлера Ангелы Меркель за рашэнне прыняць летась больш за мільён мігрантаў.
Адначасова з антыімігранцкім маршам група ультраправых учыніла пагром на ўскраіне Лейпцыга, дзе пераважна жывуць мігранты. Яны падпальвалі аўтамабілі, білі шкло ў дамах і кідалі ў вокны фальшфееры.
У нядзелю ў Кёльне былі ўчыненыя некалькі нападаў на замежнікаў — паліцыя ўпэўненая, што іх здзейснілі экстрэмісты ў адплату за гвалт напярэдадні Новага года.