«Культура з'яўляецца падмуркам, на якім фарміруецца і развіваецца любая нацыя, вызначаецца яе жыццяздольнасць і творчы патэнцыял», — заявіў Аляксандр Лукашэнка 12 студзеня, уручаючы прэміі прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне», спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтва, а таксама спецыяльныя прэміі «Беларускі спартыўны Алімп».

«Культура ляжыць у аснове ідэалогіі дзяржаў, паказваючы тыя напрамкі і мэты, на якія арыентуецца грамадства, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Гэта шматгранная з'ява, якая ахоплівае многія сферы жыцця, у тым ліку працоўную дзейнасць, уладкаванне побыту, стаўленне да прыроды, навакольнага свету і роднага краю». Ён заявіў, што «без удумлівага, мудрага стаўлення да жыцця, без маральных крытэрыяў, заснаваных на шматвяковым вопыце продкаў, немагчыма пабудаваць стабільную і паспяховую дзяржаву».

Лукашэнка ў чарговы раз падкрэсліў, што цяпер «няпросты, вельмі трывожны час». «Я вельмі часта пра гэта кажу, і паверце, нездарма. Найглыбейшы духоўны крызіс ахапіў многія краіны. І як вынік: у розных кутках Зямлі дэструктыўныя сілы робяць спробы зламаць сістэму традыцыйных каштоўнасцяў. Агрэсіўныя нападкі на асновы маралі робяцца адной са злавесных прыкмет сучаснасці», — заявіў ён.

Лукашэнка лічыць, што «высокія тэхналогіі, небывалая ў гісторыі хуткасць камунікацый і глабалізацыя не дапамаглі людзям стаць бліжэй адзін да аднаго», а якраз наадварот — «у ліхіх руках усё гэта ператвараецца ў сродак маніпуляцыі свядомасцю, у інструмент распальвання варожасці», паведамляе прэс-служба.

«На жаль, ужо бачныя горкія плады такой палітыкі. Адпрэчваюцца інстытут сям'і, каштоўнасць чалавечага жыцця, сацыяльная справядлівасць. Эгацэнтрызм, ўсёдазволенасць і карысталюбства выракаюць асобу і грамадства на поўную дэградацыю», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

«Яшчэ нядаўна здавалася, што свабода дзеля свабоды зробіць чалавека больш шчаслівым. Але адмова ад маральных самаабмежаванняў прывяла да невырашальных супярэчнасцяў, зацяжных кровапралітных канфліктаў і войнаў», — падкрэсліў беларускі кіраўнік.

На яго думку, «бяздумныя адносіны да навакольнага асяроддзя паставілі чалавецтва на грань экалагічнай катастрофы».

«Само жыццё дае нам чарговы цяжкі, але важны ўрок, — зазначыў Лукашэнка. — Мы павінны зразумець: тое, што не мае глыбокай маральнай асновы, ні ў якім разе не можа прынесці карысць ні людзям, ні грамадству ў цэлым. Бо яшчэ апостал Павел казаў: «Усё мне дазволена, але не ўсё на карысць».

«Сучасныя рэаліі такія, што менавіта згуртаванасць нацыі вакол сапраўдных, стваральных каштоўнасцяў з'яўляецца гарантыяй яе захавання і прагрэсу, духоўнага здароўя і дабрабыту», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Падчас уручэння прэмій Лукашэнка паведаміў, што гэтай цырымоніяй ён адкрыў мерапрыемствы Года культуры, якім у Беларусі аб'яўлены 2016 год.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?