Авіякампанія «Белавія» летам гэтага года плануе адкрыць прамы авіярух паміж Палангай і Мінскам.

Аэрапорт Палангі паведамляе, што палёты будуць выконвацца раз у тыдзень (па нядзелях) з 19 чэрвеня да 4 верасня.

«Мы спадзяемся, што гэты сезонны кірунак дапаможа жыхарам Беларусі адкрыць для сябе літоўскае ўзмор'е і прапанаваныя там забавы, а прамы рэйс Мінск—Паланга зэканоміць час на гэта падарожжа», — пракаментавала ў прэс-рэлізе камерцыйны дырэктар кампаніі Lietuvos oro uostai («Аэрапорты Літвы «) Юратэ Балтрушайціцтэ.

Намеснік гендырэктара «Белавія» Ігар Чаргінец на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» ўдакладніў, што мінімальны кошт білета «Белавія» на рэйс Мінск—Паланга будзе складаць 99 еўра (туды-назад, усе зборы ўключаныя), у адзін бок — 55 еўра.

Палёты будуць здзяйсняцца на самалёце Boeing 737, які змяшчае 125 пасажыраў. Пра продаж квіткоў будзе абвешчана ў бліжэйшы час.

«Белавія» стане сёмым авіяперавозчыкам у аэрапорце Палангі. Цяпер там працуюць SAS, Norwegian і airBaltic, самалёты якіх лётаюць у Капенгаген, Осла і Рыгу.

Раней «Белавія» ўжо наладзіла рэгулярны рух з Мінска ў аэрапорт Вільні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?