Белсат у эфіры ўжо больш за 100 дзён. Час зрабіць першыя ацэнкі, што атрымалася, а што не. Канал толькі пачынае працаваць, а ў прэсе ўжо даволі шмат інфармацыі пра магчымае закрыццё Белсата. Называецца нават канкрэтны час — верасень. Ці сапраўды ёсць пагроза, што ўвосень Белсат перастане існаваць?

А. Рамашэўская: Гэта непаразуменьне. Я заўважыла, што інфармацыя, якая з'яўляецца ў польскіх СМІ, у чатыры разы мацнейшым рэхам адбіваецца ў беларускіх медыях. Досыць часта гэтая інфармацыя скажаецца. Адкуль узяўся гэты верасень? На дадзены момант мы праводзім перамовы з МЗС наконт датацый на бягучы год. Наша аргументацыя была наступнай: мы хочам рабіць добры канал, а калі рабіць яго за прапанаваныя нам грошы, то да верасня яны скончацца, але ніхто не мае намеру ў верасні зачыняць канал, гэта было гіпатэтычнае сцверджанне.

Пасля інцыдэнту з журналістамі 27 сакавіка з'явілася інфармацыя, што МЗС кампенсуе страты каналу, панесеныя ў выніку канфіскацыі апаратуры. Гаворка вялася быццам бы пра 70 тыс. злотых, але адначасова МЗС збіраўся зменшыць фінансаванне Белсата на 3 млн. злотых.

А. Рамашэўская: Некалькі дзён таму я размаўляла з міністрам Радаславам Сікорскім, і ў мяне такое ўражанне, што МЗС наадварот збіраецца павялічыць фінансаванне. Здарэнне з журналістамі дало зразумець польскаму МЗС, наколькі важнай з'яўляецца гэтая ініцыятыва. Я скажу нават больш: гэта станоўча паўплывае на фінансаванне каналу. Грошы за сканфіскаваную апаратуру, гэта цалкам іншая справа. Гэтыя сродкі дадуць нам фонды.

А што наконт 3 млн. еўраў, якія МЗС быццам бы недаплоціць на гэты год?

А. Рамашэўская: Як я ўжо казала, перамовы яшчэ не скончыліся, таму і няма канкрэтнай сумы, якую нам прадставяць. Мы ведаем, колькі нам патрэбна на вытворчасць вартасных перадач, калі мы не атрымаем дастатковую суму, дык гэта не дазволіць рабіць нам шмат уласных перадач. Але закрыццё каналу нам не пагражае. А сама сума — гэта прадмет дыскусіі, ці атрымаем мы на 3 млн. больш ці менш. Ніхто ў нас не забіраў 3 млн., бо пакуль яны не прызнаныя афіцыйна.

А як наконт фінансавання на наступныя гады. Ці ёсць пэўнасць, што МЗС не зачыніць гэты праект?

А. Рамашэўская: Пакуль мы размаўляем пра гэты год, але я перакананая, што МЗС не выкіне ў балота тыя мільёны, якія ўжо пайшлі на Белсат. Наш канал — гэта даволі стабільная ініцыятыва.

Ці далучацца да фінансавання каналу замежныя структуры, ЗША, Еўразвяз?

А. Рамашэўская: Шчыра прызнаюся — мы спадзяваліся, што гэта справа пойдзе хутчэй. Неўзабаве мы падпішам дамову з ЗША. Гэта, праўда, невялікія грошы, 200 тыс. даляраў, але, натуральна, яны нам дапамогуць. Дапамагаюць нам Вялікабрытанія і Літва. Два дні таму я размаўляла са шведскім паслом, які сам запрапанаваў дапамогу. Я ўпэўненая, што справа пойдзе паспяхова, але пакуль працэс досыць павольны. Гэта велізарны праект, які патрабуе сур'ёзных рашэнняў ўрадаў еўрапейскіх дзяржаваў. Мы падпісваем таксама дамову з нямецкім каналам Дойчэ Вэле, які бясплатна будзе прадстаўляць нам некаторыя свае праграмы.

Самую вялікую хвалю абурэння на Беларусі выклікаў той факт, што канал да гэтага часу не перайшоў на спадарожнік Sirius. У чым праблема і калі чакаецца змена спадарожніка?

А. Рамашэўская: Пра гэтую справу я прачытала даволі шмат глупстваў, разам з выдумкамі спадара Зімоўскага. Вядуцца бізнэс-перамовы. Польскае грамадскае тэлебачанне TVP павінна падпісаць дамоўленасць з прыватнай фірмай наконт шматгадовага выкарыстання спадарожніка. У сувязі з гэтым нам неабыякава, якой будзе гэта ўмова. Да мінулага тыдня адбываліся перамовы з прадстаўнікамі фірмы-ўладальніка Siriusa, і большасць перашкод пераадоленая. На дадзены момант мы завяршаем фармуляваць дамову ў яе канчатковым выглядзе. Спадзяюся, што вельмі хутка мы яе падпішам. Калі дакладна? Цяжка сказаць, бо пазней цытаты маіх словаў будуць раз-пораз узнікаць у выпадку спазнення. Шматгадовы кантракт, які каштуе больш за 1 млн. еўраў, нельга падпісаць за тыдзень. Гэта нармальны працэс.

Ці сочыце вы за рэакцыяй гледачоў, за крытыкай каналу? Ці вядома, якая аўдыторыя Белсата, і як людзі ўспрымаюць прадукцыю каналу?

А. Рамашэўская: Натуральна, я праглядаю наш форум, форумы на іншых старонках і парталах, а таксама чытаю беларускую прэсу. Ведаеце, усіх нельга задаволіць. Адзін кажа, што цікава, іншаму не падабаецца. Гэта прынцып тэлебачання, і мы не выключэнне. Мы маем планы па мадыфікацыі некаторых перадач, як напрыклад East Front. Намі знятыя добрыя дакументальныя фільмы, здымаюцца чарговыя. Мы стараемся рабіць добрыя публіцыстычныя перадачы, часам нашы супрацоўнікі робяць памылкі, але 100 дзён для тэлебачання — няшмат. Вядомы польскі канал TVN24 выходзіў на прамую дарогу цэлы год, а цяпер гэта самы папулярны інфармацыйны польскі тэлеканал. Увосень, калі мы ўжо будзем вяшчаць на спадарожніку Sirius, плануем правесці даследаванне. Пакуль такія даследаванні не маюць сэнсу, цяпер мы можам правесці так званы name recognition, каб праверыць, колькі людзей ведае, што мы ўвогуле існуем.

Шмат крытыкі ёсць наконт інтэрнэт-старонкі. Гледачы скардзяцца на тое, што няма інтэрнэт-вяшчання і відэаархіву.

А. Рамашэўская: Інтэрнэт-вяшчання мы пакуль не плануем, а вось відэаархіў самых папулярных перадач з'явіцца неўзабаве. Праз паўтара месяца нашу старонку чакаюць перамены, з'явіцца шмат цікавых прадуктаў.

Якую адзнаку Вы б маглі паставіць Белсату за гэтыя 100 дзён вяшчання?

А. Рамашэўская: 4+.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?