Першая ў Беларусі маштабная «Ноч бібліятэк» пройдзе 22 студзеня ў Мінску, паведаміў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom Вячаслаў Смірноў.

Арганізатары мерапрыемства — velcom, клуб «Mова TUT.BY», а таксама навуковая бібліятэка БНТУ і Мінская абласная бібліятэка ім. А.С.Пушкіна, у якіх і адбудзецца акцыя.

«Ноч бібліятэк» пройдзе з 19.00 да 23.00, уваход вольны.

Па словах Смірнова, «Ноч бібліятэк» стане кульмінацыяй адукацыйнай праграмы фестывалю мабільных буктрэйлераў velcom Smartfilm, які арганізаваны ўжо ў пяты раз. У гэтым годзе фестываль прысвечаны відэаролікам, якія распавядаюць пра кнігі.

У ходзе начной акцыі вядомыя беларускія медыйныя персоны, сярод якіх бізнэсмены, спартсмены, культурныя дзеячы, збяруцца разам, каб пачытаць услых урыўкі з любімых кніг беларускіх аўтараў і з твораў замежнай літаратуры ў беларускім перакладзе.

«Асноўная мэта нашай новай ініцыятывы — папулярызацыя беларускай літаратуры, — адзначыў арганізатар. — Але ёсць і другая задача — у рамках конкурсу паказаць нашым удзельнікам і гасцям, што беларускія творы «здыманыя», г.зн. па іх можна зрабіць добрае кіно, нават мабільнае».

У гэты вечар у Пушкінскай бібліятэцы абраныя месцы са сваіх любімых твораў будуць чытаць літаратар Андрэй Хадановіч, акцёр Павел Харланчук, тэлевядучы Герман Цітоў, галоўны рэдактар сайта kyky.org Саша Раманава і іншыя. У бібліятэцы БНТУ — заснавальнік партала TUT.by Юрый Зісер, баскетбаліст Аляксандр Куль, тэлевядучая Ганна Бонд, рэжысёр, паэтка і лідэр музычнага кабарэ-бэнда «Серебряная свадьба» Святлана Бень.

Акрамя таго, у рамках «Ночы бібліятэк» пройдуць іншыя цікавыя мерапрыемствы: майстар-класы па рэдкіх мовах, кітайскай каліграфіі, здымцы кіно на смартфон, адкрытыя ўрокі беларускай мовы ад клуба «Mова TUT.BY», настольныя гульні, варкшопы па напісанні крэатыўных тэкстаў і рэкламных слоганаў, масавы гарадскі буккросінг, дзе можна абмяняцца кнігамі, і, вядома, паказ відэаролікаў-пераможцаў фестывалю velcom Smartfilm мінулых гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?