Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Менскага гарвыканкаму даў абяцаньне прыцягваць грамадскасьць да абмеркаваньня праектаў рэканструкцыі і рэстаўрацыі гістарычнага цэнтру сталіцы, у тым ліку праекту аднаўленьня Менскага замчышча XI—XVII стагодзьдзяў. Пра гэта гаворыцца ў адказе на адозву старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча да прэзыдэнта краіны з просьбай аб яго асабістым удзеле ў вырашэньні праблемы рэканструкцыі гістарычнага цэнтру Менска.

У адозьве ад 27 лютага, у прыватнасьці, паведамлялася, што член аб’яднаньня архітэктар‑рэстаўратар Уладзімер Папруга распрацаваў комплексны праект аднаўленьня гістарычнага цэнтру сталіцы, накіраваны ў Менгарвыканкам. Аўтар адозвы выказаў занепакоенасьць нежаданьнем гарадзкіх уладаў абмяркоўваць гэты праект з грамадскасьцю, а таксама абыякавасьцю кантрольных і наглядных органаў да шматлікіх парушэньняў нарматыўна‑прававой базы па ахове гісторыка‑культурнай спадчыны, якія набываюць у сталіцы татальны характар.

У сваім лісьце чыноўнікі Менгарвыканкаму зазначаюць, што асобныя часткі праекту У.Папругі (матэрыялы комплексных навуковых даследаваньняў, графічная рэканструкцыя згубленых элемэнтаў старадаўняй забудовы і пляніроўкі) «могуць зьявіцца асновай» распрацовак па аднаўленьні тэрыторыі гістарычнага цэнтру на наступных стадыях праектаваньня.

Разам з тым, чыноўнікам уяўляецца спрэчным шэраг прапаноў праекту па рэканструкцыі транспартнай схемы гораду.

«Улічваючы, што названыя прапановы прадстаўлены ў канцэптуальным варыянце і не падмацаваны транспартнымі разьлікамі і аналізам існуючай інжынэрнай інфраструктуры, ацаніць магчымасьць іх рэалізацыі дастаткова складана», — зазначаецца ў лісьце.

У інтэрвію БелаПАН А.Астаповіч заявіў, што гэтая заўвага не адпавядае рэчаіснасьці, паколькі ў тлумачальнай запісцы да свайго праекту У.Папруга прывёў «усе неабходныя абгрунтаваньні і разьлікі».

«Апэляцыя грамадзтва да чыноўнікаў па пытаньнях аднаўленьня гістарычнага цэнтру сталіцы, а таксама па іншых праблемах у галіне зьберажэньня помнікаў айчыннага дойлідзтва сьведчыць аб тым, што дзяржаўная палітыка ў сфэры аховы гісторыка‑культурнай спадчыны накіравана на яе зьнішчэньне», — лічыць А.Астаповіч.

Паводле: Марат Гаравы, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0