Вядучая беларуская спартыўная газета «Прессбол» адзначае 25-годдзе. 16 студзеня 1991 года накладам 75 тыс. асобнікаў выйшаў першы нумар выдання, заснавальнікамі якога сталі Мінскі гасразліковы хакейны клуб «Дынама» і Асацыяцыя спартыўнай прэсы БССР.

Так выглядаў першы нумар

Так выглядаў першы нумар

На працягу пяці гадоў «Прессбол» быў штотыднёвікам, затым стаў выходзіць двойчы ў тыдзень, а цяпер выпускаецца штодзённа з аўторка па пятніцу. Нумар, які выйшаў у свет у пятніцу, 15 студзеня, мае парадкавы нумар 3774.

Газета адразу заваявала папулярнасць, бо сканцэнтравалася на эксклюзіўных матэрыялах, крытыцы спартыўных чыноўнікаў і выбрала іранічны спосаб падачы інфармацыі. «Прессбол» перажыў закрыццё з сакавіка па чэрвень 1994 года, а таксама мноства судовых працэсаў. Самымі гучнымі сталі іскі старшыні Дзяржкамітэта па авіяцыі, прэзідэнта федэрацыі футбола Рыгора Фёдарава і міністра фінансаў, старшыні Беларускай асацыяцыі гімнастыкі Мікалая Корбута.

Першым галоўным рэдактарам «Прессбола» быў Аляксандр Барысевіч, які ў 1995 годзе перадаў пасаду свайму намесніку Уладзіміру Беражкову і сышоў у бізнес. Той, у сваю чаргу, прапрацаваў на гэтай пасадзе да 2014 года, пасля чаго стаў генеральным менеджарам хакейнага клуба «Дынама» (Мінск). Цяпер газетай кіруе 40-гадовы Сяргей Кайко, які прыйшоў у яе ў 2001 годзе.

Наклад «ПБ», у якім працуюць каля 25 журналістаў, складае прыкладна 7 тыс. асобнікаў. Заснавальнікамі з'яўляюцца калектыў рэдакцыі і Беларуская федэрацыя футбола.

Свой юбілей «Прессбол» адзначае на фоне арышту былога галоўнага рэдактара Беражкова, які абвінавачваецца ў крадзяжы сродкаў ХК «Дынама». «Ні аб якіх вялікіх урачыстасцях размова не ідзе, — заявіў БелаПАН Сяргей Кайко. — Мы не будзем рваць баяны і кашулю на грудзях, запускаць феерверкі ў начное неба і заказваць стрыптыз, каб слава аб Малінаўскім вяселлі па ўсім свеце пайшла».

Многія з тых, хто пачынаў рабіць «Прессбол», ужо знаходзяцца ў перадпенсійным узросце, аднак Кайко гэта не бянтэжыць: «Кадравага крызісу ў «Прессболе» я не баюся зусім. Нам шмат пагражае, але толькі не гэта. Журналістаў у нас шмат — сталых, дарослых, маладых, аўтарытэтных, прагрэсуючых. Калектыў — галоўнае, што ёсць у рэдакцыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?