Прычынай адключэнняў электраэнергіі ў Мінску вечарам 15 студзеня стала пашкоджанне апорна-стрыжнёвай ізаляцыі абсталявання падстанцыі «Сухарава» ў выніку пападання на яе гразе-салявой сумесі, паведаміла ДВА «Белэнерга». 

Спецыялісты тлумачаць, што гэта адбылося «пасля ўзмоцненай апрацоўкі рэагентамі кальцавой аўтадарогі і змянення кірунку ветру». 

У «Белэнерга» нагадалі, што вечарам 15 студзеня ў Мінску адбылося парушэнне ў рабоце высакавольтнага абсталявання на падстанцыі «Сухарава», якая размешчана паблізу Мінскай кальцавой аўтадарогі. Пры гэтым назіраліся збоі ў рабоце ліній 110 кВ «ЦЭЦ-4 — Ждановічы» і «ЦЭЦ-4 — Пятроўшчына». Спажыўцы, падключаныя да гэтых ліній, некалькі разоў фіксавалі кароткачасовыя парушэнні энергазабеспячэння. 

Парушэнні на падстанцыі «Сухарава» ладзілі дзве рамонтныя і чатыры аператыўныя брыгады. Па рэзервовых лініях энергетыкі засілкавалі пачаргова чатыры секцыі падстанцыі «Сухарава». У кароткія тэрміны было адноўлена электразабеспячэнне 460 спажыўцоў, у ліку якіх 310 жылых дамоў. Спажыўцы падключаліся паэтапна, пачынаючы з 23.20 15 студзеня. У 1.15 16 студзеня электразабеспячэнне было поўнасцю адноўлена.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?