Сёньня ўначы скончыўся 90‑ты розыгрыш рэгулярнага чэмпіянату Нацыянальнай хакейнай лігі.

Прэзыдэнцкі кубак выйграў «Дэтройт Рэд Уінгз», які ўпэўнена фінішаваў з 115 пунктамі.

«Манрэаль Канадыенс», за які выступаюць беларусы Андрэй і Сяргей Касьціцыны ды Міхаіл Грабоўскі заняў першае месца ва Ўсходняй канфэрэнцыі. У першым раўндзе Кубку Стэнлі «Манрэаль» згуляе з «Бостан Бруінз». «Мядзьведзі» -- восьмыя ў сваёй канфэрэнцыі.

Матчы між гэтымі супернікамі пройдуць 10, 12, 13, 15, 17, 19, 21 красавіка (да чатырох перамог).

Дарэчы «Манрэаль» — 24‑разовы ўладальнік каштоўнага трафэю. Апошні раз клюб станавіўся ўладальнікам Кубку Стэнлі ў 1993 г.

Іншыя пары Ўсходняй канфэрэнцыі: «Атава Сэнатарз» — «Пітсбург Пігвінз», «Нью‑Джэрзі Дэвілз» — «Нью‑Ёрк Рэйнджэрз», «Вашынгтон Кэпіталз» — «Філадэльфія Флаерз».

***

Руслан Салей і ягонае «Каларада Эвэланш» змагаюцца ў Заходняй канфэрэнцыі. У першым раундзе Кубку Стэнлі «лавіны», яны занялі шостае месца ў канфэрнцыі, згуляюць з «Мінэсотай Уайлд». Між іншым, у апошнім туры гэтыя каманды і гулялі між сабой, «Каларада» перамагло — 4:3.

Матчы пройдуць 9, 11, 14, 15, 17, 19, 22 красавіка.

«Каларада» двойчы заваёўвала Кубак Стэнлі: у 1996 г., у самы свой першы сэзон, і ў 2001 г.

Іншыя пары канфэрэнцыі: «Дэтройт Рэд Уінгз» — «Нэшвіл Прэдатарз», «Сан‑Хасэ Шаркз» — «Калгары Флэймз», «Анахайм Дакс» — «Далас Старз».

Натуральна, што сустрэцца між сабой «Каларада» і «Манрэаль» могуць толькі ў фінале.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0