Эканамічны суд Віцебскай вобласці адкрыў конкурсную вытворчасць у дачыненні да СТАА «Кухня Мастера».
Гэтае сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю з брытанскім і беларускім капіталам было зарэгістравана ў Свабоднай эканамічнай зоне «Віцебск» у маі 2003 года. Вытворчасць была запушчаная ў чэрвені 2004 года, калі на прадпрыемстве ўстанавілі італьянскае абсталяванне для вытворчасці пельменяў прадукцыйнасцю да 700 кілаграм на гадзіну.
На СТАА «Кухня Мастера» выраблялі паўфабрыкаты бліноў, дранікаў, мантаў, пельменяў, хінкаляў і чабурэкаў.
Імаверна, на фабрыцы пельменяў не ўсё добра было ўжо даўно, бо ў верасні 2009 года некаторыя СМІ паведамлялі пра кароткатэрміновы страйк яе работнікаў.
Першы сход крэдытораў адбудзецца 17 лютага ў памяшканні эканамічнага суда Віцебскай вобласці.