На фота — паліцыя падчас затрыманняў у навагоднюю ноч у Кёльне
Нямецкія праваахоўнікі адправілі ў следчы ізалятар (СІЗА) першага абвінавачанага ў сэксуальным злачынстве па справе аб масавых нападах на жанчын у Кёльне ў навагоднюю ноч.
Як паведаміў у панядзелак, 18 студзеня, старшы пракурор Кёльнскай пракуратуры Ульрых Брэмер (Ulrich Bremer), арыштаваным аказаўся 26-гадовы алжырац. Яму выстаўлена абвінавачванне ў прымусе да дзеянняў сэксуальнага характару і крадзяжы мабільнага тэлефона.
Меркаваны злачынец быў затрыманы разам са сваім суайчыннікам, які таксама абвінавачваецца ў выкраданні мабільнага тэлефона. Абодва арыштаваныя пражывалі ў інтэрнаце для бежанцаў у 20 кіламетрах ад Кёльна.
Цяпер у СІЗА знаходзяцца 8 фігурантаў кёльнскай справы.
Семярым выстаўленыя абвінавачванні ў крадзяжы. Пракуратура праводзіць расследаванне ў дачыненні да 21 асобы, датычных да здзейсненых у Кёльне злачынстваў.
Па дадзеных пракуратуры, ад пацярпелых прыйшло ўжо 766 заяў. У 497 з іх паведамляецца аб злачынствах сэксуальнага характару. Праваахоўнікі маюць прынамсі тры заявы пра згвалтаванні.
***
У навагоднюю ноч ля галоўнага вакзала ў Кёльне адбыліся шматлікія выпадкі сэксуальных дамаганняў і рабаванняў у адносінах да жанчын. Па дадзеных паліцыі, меркаванымі злачынцамі былі мужчыны паўночнаафрыканскага і арабскага паходжання.