Амаль адначасова Германія і Латвія паведамілі пра вынікі распрацовак новых камуфляжных малюнкаў і матэрыялаў, пішуць профільныя СМІ.

У канцы 2015 году латвійская армія прэзентавала новую ўніформу з малюнкам MultiLATPAT, выпрабаванні якой праводзіліся ў розных кліматычных умовах — у Швецыі, у Ізраілі, Афганістане, Малі і Малайзіі.

Тут і ніжэй фота: bmpd.livejournal.com

Тут і ніжэй фота: bmpd.livejournal.com

Праца над стварэннем новай формы ішла з 2011 года. Кошт камплекта — 160 еўра. Латвійская армія цалкам пераапранецца ў новы мундзір да канца гэтага года.

На мінулым тыдні пра свае новыя распрацоўкі паведамілі навукоўцы і вайскоўцы Германіі. Навукова-даследчы інстытут матэрыялаў і маёмасці Бундэсвера стварыў новы камуфляжны малюнак Multitarn, праца над якім працягвалася таксама не адзін год.

Малюнак ужо прайшоў шматлікія выпрабаванні, але пакуль Міністэрства абароны Германіі не прыняла афіцыйнага рашэння пра тое, каб прыняць новы камуфляж для ўсёй арміі.

У любым выпадку, спачатку новую форму атрымаюць часткі спецыяльнага прызначэння, а потым усе астатнія вайскоўцы.

Цяпер нямецкая армія выкарыстоўвае камуфляж Flecktarn у двух варыянтах. Але Multitarn, як лічыцца, будзе адзіным для ўсіх кліматычных зон.

Таксама паведамляецца, што новая форма лепш маскіруе ў інфрачырвоным дыяпазоне, то бок робіць карыстальніка менш бачным на прыладах начнога бачання.

Беларуская армія прыняла новы камуфляж у 2009 годзе. Тады заяўлялася, што ён зніжае заўважальнасць жаўнера ў інфрачырвоным дыяпазоне на 55%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?