У панядзелак сайт 1863х.com зрабіў падборку інтэрнэт-акаўнтаў праваслаўных святароў, якія служаць у храмах Заходняй Беларусі. Аўтар артыкула акцэнтаваў увагу на тым, што згаданыя святары РПЦ адкрыта падтрымліваюць ідэі г.зв. «Рускага свету» і баевікоў «Наваросіі», пра што сведчаць іхнія допісы ў сацыяльных сетках. А сама РПЦ, паводле аўтара, служыць далейшай русіфікацыі беларускага народу. 

Да аднаго з гэтых святароў, Віктара Рыбія, датэлефанавалася «Наша Ніва». 

Віктар служыць у Вялікіх Жухавічах на Наваградчыне. На сваёй старонцы Укантакце ён называе сябе рускім, еўрапейцаў — підарасамі, а Абаму — дурнем. 

Мы запыталіся ў яго, чаму ён так думае і як гэта суадносіцца з ягонай святарскай дзейнасцю. 

«Краіна свабодная ў нас, кожны мае права выказаць свае погляды, — адразу адказаў святар, — да таго ж, я не пісаў ад сябе, я проста ўбачыў такое меркаванне і з ім пагадзіўся». 

Айцец Віктар кажа, што яму, як святару, агідна глядзець на гей-парады, гэта яго абражае. Але чаму гей-парады атаесамляюцца ў яго з усімі еўрапейцамі, святар не патлумачыў. 

Таксама айцец Віктар змяшчаў на сваёй старонцы глумлівую карцінку, дзе мульцяшны Паштальён Печкін прывозіць на Заходнюю Украіну «Груз 200» і кажа, што ён не аддасць труны, «бо іх няма». 

«Гэта не глумленне зусім, — пераконваў нас святар, — я сам з Данбаса. Я ведаю факты, калі чалавек гіне, а Нацгвардыя спальвае яго ў крэматорыі, каб не аддаваць труп сваякам і не плаціць дапамогі. Хіба вось гэта не глум? Нават чачэнцы аддавалі целы за выкуп, а гэтыя не аддаюць, сваіх знішчаюць», — сказаў святар. 

«Я абураны тым, што там адбываецца. Укры бамбяць гарады, людзі, кладучыся спаць, не ведаюць, ці прачнуцца заўтра. Скажыце, ці нармальна, што укра-хунта робіць кумірам для моладзі Сцяпана Бандэру, які лізаў Гітлеру боты? На Заходняй Украіне моладзь вітаецца, выкідваючы наперад руку пад «Зіг Хайль». Я супраць гэтага выступаю, і вы лічыце маю пазіцыю ненармальнай? Я не жадаю нікому перажыць тое, што перажылі мае бацькі на Данбасе, калі яны 7 месяцаў сядзелі ў падвале, калі іх бамбілі ўкры», — кажа айцец Віктар. 

На пытанне, ці бачыў ён асабіста, як украінская моладзь вітаецца, выкідваючы «Зіг-Хайль», святар запэўніў, што «бачыў сам, на відэа». 

«На Данбасе людзі ўзялі ў рукі зброю, якія не хацелі жыць пад хунтай. Там рускамоўнае насельніцтва», — не спыняўся святар. 

На заўвагу, што тыя людзі мелі на сабе расійскія шаўроны, святар адзначыў, што сцяг «Наваросіі» і «Расіі» – гэта «не адное і тое ж». 

«Але ці чулі вы пра «Наваросію» да 2014 года?» — спыталіся мы ў святара. 

Той адказаў, што не чуў, але, маўляў, «нічога, будзе» (Наваросія). 

Айцец таксама адзначыў, што не бачыць розніцы паміж рускімі і беларусамі. А калі б зайшла гаворка пра аб’яднанне, «то ён толькі за». 

Але чаму святар і Абаму лічыць дурнем? 

«Я ведаю, што амерыканцы пастаўляюць зброю ўкра-нацгвардыі. Нацгвардыя гэтай зброяй ваюе, а апалчэнцы ваююць тым, што забіраюць ва ўкраінцаў. І калі чалавек лічыць, што ён можа развязаць Трэцюю сусветную вайну, то хіба ён не дурань?» — мяркуе святар. 

«І яшчэ, чаму ён Расію трымае за дурняў? Пуціна? Я вось што скажу, Расію не трэба дражніць, бо калі рускі мядзведзь прачнецца, то месца будзе мала ўсім», — падсумаваў святар. 

Нагадаем, што раней «Наша Ніва» пісала, што на Гарадзеншчыне дзейнічаюць некалькі праваслаўных вайскова-патрыятычных клубаў, дзе інструктарамі выступаюць прарасійскія псеўдаказакі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?