Вярхоўны суд ЗША заявіў, што разгледзіць законнасць рашэння прэзідэнта Барака Абамы па змяненні міграцыйнай палітыкі, якое прывядзе да легалізацыі мільёнаў мігрантаў.

Яшчэ ў 2014 годзе Абама падпісаў указ, згодна з якім каля пяці мільёнаў мігрантаў, якія нелегальна пражываюць у Злучаных Штатах, атрымаюць легальны статус і ім больш не будзе пагражаць дэпартацыя.

Гэта ключавая частка прапанаванай Абамам іміграцыйнай рэформы.

Аднак ніжэйстаячыя судовыя інстанцыі ў 26 штатах — у асноўным кансерватыўных — заблакавалі гэтую рэформу.

Рашэнне Вярхоўнага суда чакаецца ў пачатку лета, калі перадвыбарчая кампанія ў ЗША пачнецца ў поўную сілу.

Барак Абама выступіў з прэзідэнцкай ініцыятывай у лістападзе 2014 года пасля таго, як некалькі спроб правесці рэформу іміграцыйнай сістэмы праз кангрэс скончыліся няўдачай.

Згодна з рэформай, людзі, якія пражылі ў ЗША больш за пяць гадоў і маюць дзяцей з правам пражывання на тэрыторыі краіны, атрымаюць магчымасць уладкавацца на працу на законных падставах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?