Сталічным кантралёрам грамадскага транспарту выдадуць сродкі аўдыя- і відэафіксацыі. Пра гэта паведаміў журналістам генеральны дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «Мінсктранс» Лявонцій Папянок.

«На форменнай камізэльцы кантралёраў установяць відэарэгістратары. Запіс на камеры будзе захоўвацца да 30 сутак. Гэта дапаможа вырашыць шмат спрэчных пытанняў, якія нязменна ўзнікаюць паміж пасажырамі і кантралёрамі», — сказаў Папянок.

Работа правяраючых аплату праезду ў наземным транспарце сталіцы кантралюецца. З дапамогай тэрмінала, да якога пасажыры прыкладваюць праязныя пры праверцы аплаты, фіксуецца час прыходу кантралёра на работу. Таксама з дапамогай прылады можна прасачыць шлях супрацоўніка: у які аўтобус, тралейбус, трамвай і калі ён заходзіў, колькі часу там правёў. Як і кіроўцы, кантралёры перад пачаткам змены абавязкова праходзяць медыцынскі агляд.

Таксама гендырэктар «Мінсктранса» паведаміў, што з красавіка ў Мінску пачнуць працаваць добраахвотныя народныя дружыны, якія будуць дапамагаць кантралёрам грамадскага транспарту.

«З 1 красавіка ў сталіцы ў дзве змены пачнуць працаваць 10 мабільных брыгад дружыннікаў. Яны будуць дапамагаць кантралёрам затрымліваць безбілетнікаў, бо ў першых такіх паўнамоцтваў няма», — сказаў Лявонцій Папянок.

Ён нагадаў, што безбілетны праезд у гарадскім транспарце з'яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем. Калі ў парушальніка з сабой няма пашпарта альбо ён адмаўляецца яго прадастаўляць, кантралёры не могуць скласці пратакол, а значыць, і выпісаць штраф.

Народныя дружыннікі маюць права даставіць «зайца» без пашпарта для складання пратаколу ў аддзелы ўнутраных спраў. «Гэтая працэдура зойме не менш за дзве гадзіны, што таксама прымусіць задумацца тых, хто прывык не аплачваць праезд», — падкрэсліў Папянок.

Сёння ў штаце «Мінсктранса» працуюць 180 кантралёраў, пры неабходнасці дадаткова прыцягваюцца іншыя супрацоўнікі прадпрыемства. У мінулым годзе кантралёры аштрафавалі 92 тысяч безбілетнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?