Прыгожая птушка на працягу тыдня ў самым цэнтры Вiцебску на вулiцы Ленiна прыцягвала ўвагу прахожых. Птушку фатаграфавалi, асаблiва яна радавала дзятву. Але адкуль яна зьявiлася?

Дырэктар вiцебскага заапарку Аляксей Андрэйкаў растлумачыў карэспандэнту «Звязды», што гэты бусел, нягледзячы на тое, што ў яго абрэзаны крылы, зьляцеў з тэрыторыi заапарку. I болей за тыдзень не маглi яго злавiць.

Бачылi бусла ў самых розных месцах гораду, у тым лiку i ў раёне гарвыканкаму. Грамадзяне паведамлялi па тэлефоне пра нечаканую птушку, але яна так хутка мяняла месца сваёй дыслякацыi, што злавiць яе было цяжка. Урэшце з дапамогай падхватнiка бусла злавiлi i вярнулi па месцы сваёй прапiскi — у заапарк.

Памятаецца, у свой час з заапарку зьбегла маладая рысь. Уражаньняў у гараджан было яшчэ болей.

Паводле: Аляксандр Пукшанскi, «Звязда»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0