«Бясплатны Wi-Fi — гэта ўжо далёка не раскоша, гэта неабходнасць сучаснага грамадства. У паездках людзі праводзяць досыць доўгі час, таму магчымасць падлучэння да бясплатнага Wi-Fi у аўтобусах — гэта частка якаснага сэрвісу транспартных паслуг», — сцвярджаюць стваральнікі петыцыі на сайце change.org.

Увосень 2015 года ў інтэрнэце пачалі з'яўляцца навіны аб пачатку падавання паслуг доступу ў інтэрнэт праз пункты доступу Wi-Fi, устаноўленыя ўнутры аўтобусаў і маршрутных таксі. Аператар сувязі life:) усталяваў бясплатны Wi-Fi у 10 сталічных маршрутках, а таксама ў некалькіх пасажырскіх аўтобусах абласных цэнтраў для праекта Snickers. Раней прадстаўнікі Мінсктранса паведамілі пра абсталяванне бясплатным Wi-Fi некалькіх міжнародных маршрутаў, а таксама аўтобуса №20 у Гомелі. Планавалася, што праект будзе доўжыцца аж да канца 2015 года, а пункты Wi-Fi з бясплатным інтэрнэт-доступам з'явяцца яшчэ ў некалькіх аўтобусах абласных цэнтраў Беларусі.

Аднак дзяржінспекцыя па электрасувязі Беларусі (РУП «БелДІЭ») паведаміла, што такое абсталяванне па-за законам. Аказалася, што ўсталёўваць Wi-Fi-мадэмы без дазволу БелДІЭ можна толькі ўнутры будынкаў і збудаванняў. А грамадскі транспарт і таксі такімі не з'яўляюцца.

«Па гэтай прычыне патрабуецца атрыманне дазвольных дакументаў у РУП «БелДІЭ», а таксама правядзенне ўзгаднення з Міністэрствам абароны», — сказана ў заяве ведамства. — Мы рыхтуем прапановы аб спрашчэнні працэдуры выкарыстання пунктаў доступу Wi-Fi унутры транспартных сродкаў, але да ўнясення змяненняў іх выкарыстанне ўнутры транспарту без неабходных дакументаў незаконнае і цягне за сабой адміністрацыйную адказнасць».

«Сёння ўжо студзень 2016 года, а ніякіх навін пра пункты Wi-Fi у транспарце няма. Не хочацца, каб гэты праект забыліся. Мінск — сучасны еўрапейскі горад, — нагадваюць стваральнікі петыцыі і дадаюць: — Днямі стала вядома, што ў Маскве плануецца абсталяваць увесь наземны транспарт пунктамі бесправаднога інтэрнэту да канца года, а са снежня 2014 года бесправадная сетка Wi-Fi даступная ў цягніках усіх ліній Маскоўскага метрапалітэна».

На момант напісання навіны пад петыцыяй падпісаліся 79 чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0