Прэзідэнт Чэхіі Мілаш Зэман заявіў пра магчымае аднаўленне кантролю на нацыянальных межах, паведамляюць чэшскія СМІ.

У чарговы раз заклікаючы ЕС да ўзмацнення аховы межаў Шэнгенскай прасторы, кіраўнік дзяржавы заявіў, што чэшскі ўрад павінен рыхтавацца да магчымасці аднаўлення памежнага кантролю на нацыянальных межах і закрыцця іх для мігрантаў.

«Гэта толькі пытанне часу, калі міграцыйная хваля перальецца ў Чэхію. Найлепшы спосаб не дапусціць пранікнення нелегальных мігрантаў у краіну — гэта ахоўваць свае межы», — падкрэсліў Мілаш Зэман.

Прэзідэнт адзначыў, што да аховы дзяржаўных межаў можна прыцягнуць паліцыю, армію і ваеннаслужачых запасу. Кантраляваць межы з паветра можна з дапамогай беспілотнікаў.

Таксама Мілаш Зэман лічыць, што Еўрасаюз рана ці позна будзе вымушаны пачаць масавую дэпартацыю так званых эканамічных мігрантаў, якія не маюць права на прытулак, а прыехалі ў пошуках лепшага жыцця. На яго думку, іх трэба будзе дэпартаваць у мусульманскія краіны.

«Неабходна будзе дамовіцца з мусульманскімі краінамі пра прыём бежанцаў, якім было адмоўлена ў прытулку і якія не хочуць вяртацца на радзіму. Адным з варыянтаў, гэта маё тэарэтычнае разважанне, з'яўляецца Алжыр», — сказаў Мілаш Зэман.

Нагадаем, раней пра магчымасць закрыцця межаў выказалася Польшча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?