У ХМАА (Ханты-Мансійская аўтаномная акруга, суб'ект РФ) намецілася страшная тэндэнцыя — людзей, якія змагаюцца супраць карупцыі і выступаюць з крытыкай улады, спрабуюць засадзіць у псіхіятрычныя бальніцы. У ліку пацярпелых ужо некалькі чалавек.

medicinalive.com

medicinalive.com

Як стала вядома РБК Цюмень, днямі на паўторнае прымусовае абследаванне накіравалі жыхарку Кагалыма, маці дваіх дзяцей Ларысу Рафікаву. Жанчына вядомая тым, што змагалася супраць карупцыі ў сферы ЖКГ горада. Паводле яе слоў, уласнікам жылля шляхам шантажу навязваюць кампаніі, афіляваныя з гарадскімі чыноўнікамі (стаўленікамі кампаніі «Лукойл»), якія потым выстаўляюць нічым не пацверджаныя велізарныя рахункі за камунальныя паслугі. Ларыса сумесна з іншымі грамадскімі актывістамі Кагалыма адправіла сотні скаргаў і заяў у розныя інстанцыі (у тым ліку сілавыя), сустракалася з губернатарам Камаровай, аднак ніхто на сітуацыю належным чынам не адрэагаваў. Больш за тое, чыноўнікамі было распачатае сапраўднае цкаванне Рафікавай. У роспачы ў сярэдзіне жніўня мінулага года жанчына напісала кіраўніку Югры ліст, у якім заявіла, што калі яе не спыняць трэціраваць і не разбяруцца нарэшце з праблемай, то ў верасні, у Дзень горада яна здзейсніць акт самаспалення на цэнтральнай плошчы.

Напярэдадні свята позна вечарам пад выдуманай падставай Ларысу выманілі з кватэры ўчастковыя і павезлі за 250 км у Сургуцкі псіханеўралагічны дыспансер. Падставай для прымусовай шпіталізацыі стала заключэнне нейкага кагалымскага псіхіятра Пуртава. Мужа Рафікавай, які спрабаваў перашкодзіць затрыманню жонкі, збілі і ўдарылі электрашокерам. Пабоі знятыя, заявы ў органы напісаныя, аднак адказнасці ніхто да гэтага часу не панёс.

«На шчасце, у дыспансеры мяне прыняў адэкватны доктар. Ён спытаў: «Што здарылася?». Я патлумачыла, што выступіла супраць улады. Ён, зразумеўшы, кіўнуў. У выніку камісія лекараў-псіхіятраў, якая абследавала мяне, не выявіла прыкметаў, якія б з'яўляліся падставай для маёй недобраахвотнай шпіталізацыі», — распавяла РБК Цюмень Ларыса Рафікава (копіі ўсіх дакументаў і даведак маюцца ў рэдакцыі).

Аднак гэта не ўзрадавала мясцовых чыноўнікаў. На днях Ларысе даслалі накіраванне на новае прымусовае абследаванне. Жанчына наўмысна з'ехала праходзіць яго за межы акругі — у Маскву, у Дзяржаўны навуковы цэнтр сацыяльнай і судовай псіхіятрыі ім. У.П. Сербскага. Яна ўпэўненая, што ў Югры яе б незаконна прызналі псіхічна хворай.

Гэта далёка не адзінкавы выпадак у Югры, калі грамадзяне з занадта актыўнай жыццёвай пазіцыяй «ліквідуюцца» такім спосабам. У падобную сітуацыю трапіў і жыхар Югорска Аляксей Хмялеўскі — праз суд мужчыну спрабуюць прызнаць псіхічна неўраўнаважаным. Як піша агенцтва URA.Ru, югарчанін запэўнівае: гэта помста з боку медыцынскай супольнасці і ўладаў. У пачатку восені Аляксей падчас рабочай паездкі губернатара Камаровай у Югорск расказаў кіраўніку рэгіёну пра праблемы ў мясцовай ахове здароўя. Дасталося ўладам муніцыпалітэта і нават пракуратуры.

У Хмялеўскага праблемы са здароўем — гіпертанія трэцяй ступені. Складанасці і ў яго жонкі Галіны — больш за год у яе былі праблемы з рукой і нагой, але дыягназ паставіць лекары так не змаглі. Мужчына запэўнівае, што дапамога аказваецца не ў поўным аб'ёме, а на ўсе яго заявы — і ў адміністрацыю, і ў праваахоўныя органы — ніхто не рэагуе.

Менавіта пра гэта Хмялеўскі распавёў Камаровай. У Югорскай гарадской бальніцы прайшла праверка, па выніках якой галоўны доктар Уладзімір Быкаў страціў пасаду. Разам з тым Быкаў з'яўляецца дзеючым дэпутатам гарадской думы — з яго падачы, упэўнены югарчанін, і пачалася гісторыя з псіхдыягназам.

«Загадчыца мясцовай югорскай псіхушкі Сявідава падала пазоў у суд аб прымусовым аглядзе, ужо і псіхічны дыягназ выставіла. Усякая ерась у гэтым пазове напісана. І што пагрозу бальніцы я ўяўляю, і што скаргі аб дрэнным лячэнні — гэта сведчанне трызнення. Гэта значыць тыя, хто незадаволены лячэннем у югорскай бальніцы, — вар'яты», — цытуе Хмялеўскага URA.Ru.

Паводле яго слоў, на яго напісалі скаргу некалькі лекараў. Нібыта мужчына нават пагражаў ім забойствам, і менавіта гэта стала прычынай для прымусовай праверкі псіхічнага здароўя югарчаніна. У судзе першай інстанцыі ўсталі на бок дыспансэра. Цяпер разглядаецца апеляцыя. Калі ў акруговым судзе таксама пагодзяцца з неабходнасцю прымусовай экспертызы, Хмялеўскага даставяць у псіханеўралагічны дыспансер. Жыхар Югорска асцерагаецца, што яму паставяць такі дыягназ, пасля якога ніякія скаргі губернатару ўжо не дапамогуць.

Югарчанін ужо прайшоў незалежную экспертызу ў Екацярынбургу, якая паказала, што ніякіх адхіленняў у яго няма. Хмялеўскі звяртаўся і ў акруговы дэпартамент аховы здароўя, і нават у міністэрства. Аднак пакуль ён не ўпэўнены, што будзе нейкая рэакцыя.

Яшчэ адзін пацярпелы ў барацьбе з уладай — былы педагог Ханты-Мансійскага тэхнолага-педагагічнага каледжа Святлана Шылер. Жанчына вынесла на публічны агляд шакавальныя метады работы навучальнай установы. Паводле яе слоў, педагогі атрымлівалі заробак за фіктыўныя суботнія заняткі, якіх на самой справе не праводзілі на працягу чатырох гадоў. Больш за тое, былі выпадкі, калі яны завышалі ацэнкі і здавалі экзамены за студэнтаў, каб прадэманстраваць высокі ўзровень адукацыі і атрымаць дадатковае фінансаванне. Разгарэўся скандал, аднак замест дырэктара прыйшлося звольніцца самой Святлане — яна не вытрымала ціску, які на яе пачалі аказваць не толькі калегі, але і губернатар.

«На асабістым прыёме Наталля Камарова сказала мне: «Калі б я была вашым дырэктарам, я б таксама не змагла з вамі працаваць. Кажа: «Чаму адразу да мяне не прыйшлі?» Я адказваю: «Я ўжо пяты раз у вас». Яна: «Кожны чалавек нясе свой крыж. Я свой, а вы свой». Наталля Уладзіміраўна, вы ўжо вызначыцеся, ці то прыходзіць мне да вас, ці то крыж несці? А які мне крыж несці? Я прыйшла педагогам, убачыла парушэнні, пра якія і сказала. Мне вельмі балюча за сваю прафесію. Я буду стукацца ва ўсе дзверы да канца, пакуль не дастукаюся, пакуль не пачуюць!» — кажа Святлана Шылер.

У выніку дырэктара каледжа ўсё ж звольнілі, але Святлане Шылер так і не далі працаваць у іншых месцах — чыноўнікі не дазваляюць працадаўцам працаўладкоўваць парушальніцу іх спакою.

Пры спробе ўладкавацца на адно з месцаў працы ад педагога запатрабавалі прайсці медагляд, хоць тэрмін дзеяння папярэдняга яшчэ не мінуў. «Я, нічога не падазраючы, атрымала накіраванне, якое мне выдалі ў аддзеле кадраў, і адправілася ў пазначаную клініку «Сібірскае здароўе». Там адзін з лекараў шапнуў мне: «Супраць вас нядобрае плануюць, вас не дапусцяць займацца педагагічнай дзейнасцю, насалілі вы моцна кіраўніцтву». У выніку спачатку неўролаг сказаў мне: «У вас астэахандроз і дрэнны зрок, вы не можаце працаваць педагогам». Я была збянтэжаная — у мяне 100-працэнтны зрок, я не нашу акуляраў і кірую аўтамабілем, а астэахандроз у нас у паловы педагогаў. Потым мне сказалі, што я паводжу сябе, як ненармальная, даведку даваць не хацелі», — распавяла РБК Цюмень Святлана Шылер.

Яна паведаміла галоўдоктару, што калі ёй дадуць заключэнне, якое забараняе займацца педагагічнай дзейнасцю, яна першым жа рэйсам вылеціць у Маскву, каб прайсці медагляд там. Толькі пасля гэтага заключэнне было выдадзенае.

Зрэшты, на працу Святлану Шылер так ніхто і не бярэ. «Такое распараджэнне губернатара Камаровай. Усе пра гэта ведаюць. Мяне нават лекары папярэдзілі, што Камарова замову дала на мой дыягназ, які б забараніў мне займацца педагагічнай дзейнасцю. Я думаю з'язджаць з Ханты-Мансійска, сіл трываць гэта больш няма. І не я адна. «Рэпрэсаваных» ужо вельмі шмат. І ўсе з'язджаюць сем'ямі. Жыць у ХМАА стала вельмі небяспечна», — рэзюмавала Святлана Шылер.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?